серада 3 Снежань •St. Francis Xavier
Прысутнасць
Езус чакае, ціха і нябачна, магчымасці ўвайсці ў маё сэрца.
Я адгукнуся на Яго прысутнасць.
Ён прыходзіць са сваёй бясконцай моцай і любоўю.
Напаўняе мяне радасцю і спакоем.
Свабода
Пане, Ты стварыў мяне для жыцця ў свабодзе. Няхай Твой Святы Дух вядзе мяне вольна крочыць за Табой. Укарані ў маім сэрцы жаданне пазнаваць і любіць Цябе з кожным днём усё больш.
Усведамленне
Божа, дай мне адпачыць у Тваёй прамяністай прысутнасці, як кветка грэецца ў святле і цяпле сонца. Дзякуй, што прыносіш святло і цеплыню ў маё жыццё праз іншых людзей, праз прыроду, праз сваё Слова.
Божае слова
Мц 15:29-3729Адышоўшы адтуль, Езус прыйшоў да Галілейскага мора і, узышоўшы на гару, там сеў. 30І прыйшло да Яго мноства людзей, сярод якіх былі кульгавыя, сляпыя, калекі, нямыя і шмат іншых; клалі іх да ног Езуса, і Ён вылечваў іх. 31Натоўп жа здзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі выздараўліваюць, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць, і праслаўляў Бога Ізраэля.
32Езус, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: «Шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні яны знаходзяцца са Мною і не маюць чаго есці; не хачу адпусціць іх галоднымі, каб не аслаблі ў дарозе». 33Вучні сказалі Яму: «Адкуль нам у пустыні ўзяць столькі хлеба, каб накарміць такі вялікі натоўп?» 34А Езус сказаў ім: «Колькі ў вас хлябоў?» Яны адказалі: «Сем і некалькі рыбінак». 35І, загадаўшы людзям сесці на зямлю, 36узяў сем хлябоў і рыбы і, узнёсшы падзяку, паламаў, і даў вучням, а вучні — людзям. 37І елі ўсе, і насыціліся, і набралі кавалкаў, што засталіся, сем поўных кашоў.
Разважанне да Божага слова
Здаецца, вучні вельмі лёгка губляюць настрой, калі справы ідуць не так, як ім хацелася б. Яны бачаць толькі адваротны бок сітуацыі. Езус выкарыстоўвае зусім іншы падыход. Ён адзначае, што людзі напэўна стаміліся і галодныя.
Пытанне Езуса да вучняў гучыць так: «Што мы можам зрабіць, каб падбадзёрыць і натхніць?», а не «Што ў гэтай сітуацыі можа нас перамагчы?».
Размова
Як Божае Слова ўзрушыла мяне?
Ці пакінула адчуванне сухасці?
Суцешыла мяне ці падштурхнула дзейнічаць па-новаму?
Я ўяўляю Езуса, які стаіць ці сядзіць побач са мной
Я дзялюся з Ім сваімі пачуццямі.
Заканчэнне
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
як было спрадвеку,
цяпер і заўсёды,
і навекі вечныя. Амэн.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.