Разважанне да Божага слова
Праслаўленне Айца, якое ў гэтым урыўку гучыць уголас, заўсёды ў Сэрцы Сына, як і ўсведамленне Сына, што Яны звязаныя неразрыўна ў самай глыбіні Іх Асобаў. У біблійным разуменні сэрца – гэта цэнтр асобы, з акцэнтам на тое, што яно – месца, дзе адбываецца выбар, дзе прымаюцца рашэнні. Тое, што адбываецца ў сэрцы, акрэслівае накірунак, у якім рухаецца асоба.
Езус заўсёды робіць выбар, зыходзячы са Сваёй сувязі з Айцом. Ён наследуе Айца, у тым ліку тады, калі кажа: «Я ціхі і пакорны сэрцам». А як мы ўспрымаем Бога і Яго спосаб дзеяння адносна нас? Мы вызнаём Бога Айца Усемагутнага, які трымае ўсю моц у Сваіх руках, але гэта моц, якая стварае і будуе, а не забівае, не нішчыць. Зло, якое супрацьстаіць Божай добрай волі, у рэшце рэшт само сябе руйнуе.
Езус яўляе твар Айца, які лагодны ў Сваёй міласэрнасці, спагадзе, доўгацярплівасці і нават пяшчоце. Бог “паважае” крохкасць свайго стварэння – і ў Сваёй усемагутнасці ўмее быць “ціхі і пакорны”. Памолімся аб тым, Пан навучыў нас у сапраўднай пакоры і цвёрдасці духа наследаваць Яго Найсвяцейшае Сэрца, заўсёды адкрытае для нас.