Лк 10:1-19

1Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці. 2І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё. 3Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. 4Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. 5У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!” 6Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас. 7Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. 8Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. 9Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”. 10Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: 11“Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”. 12Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму.

13Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся. 14Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам. 15І ты, Кафарнаум,

ці будзеш узвышаны аж да неба? Аж да адхлані нізрынешся!

16Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне».

17Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: «Пане, нават злыя духі
слухаюцца нас у імя Тваё!» 18А Ён сказаў ім: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка. 19Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам.


Разважанні on Лк 10:1-19

Разважанне да Божага слова - 2026-02-14 Штодзённая малітва

Езус даручыў прапаведаваць Евангелле не толькі блізкаму колу вучняў, але і значна шырэйшай групе. Аднак самае галоўнае не тое, колькі вучняў пайшло прапаведаваць Слова Божае. Галоўнае, што яны былі загадзя прызначаныя Езусам. Часам прыходзіць спакуса не чакаць місіі, а самім выбраць час і месца. Падумай, ці адчуваеш, куды Езус кіруе цябе? Якія патрэбы ты бачыш у сваім бліжэйшым атачэнні? Якія пачуцці і думкі ўзнікаюць у табе, калі ты дапускаеш, што Езус пасылае цябе туды? Езус адпаведна і рыхтуе тых, каго пасылае. Ён не дае ім унікальных інструментаў для евангелізацыі, але найкаштоўнейшы дар: супакой. Гэты спакой павінны прынесці свету ўсе, хто ідзе ў Яго імя.