Лк 10:17-24

17Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: «Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!» 18А Ён сказаў ім: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка. 19Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам. 20Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах».

21У тую гадзіну Ён узрадаваўся ў Духу Святым і сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы. 22Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць».

23І, звярнуўшыся асобна да вучняў, сказаў: «Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце. 24Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі бачыць, што вы бачылі, і не ўбачылі, і чуць, што вы чуеце, і не пачулі».


Разважанні on Лк 10:17-24

Разважанне да Божага слова - 2025-10-04 Штодзённая малітва

Вучні вяртаюцца са сваіх місіянерскіх прыгод, поўныя радасці ад поспеху. Езус таксама радуецца разам з імі і ў Святым Духу дзякуе Айцу. Тут мы маем прыклад малітвы самога Езуса, калі Ён проста звяртаецца да Айца з тым, што мае на сэрцы. Будзем жа вучыцца на яго прыкладзе.

Божы выбар заўсёды застаецца для нас таямніцай. Толькі Езус ведае Айца і прыйшоў адкрыць гэта людзям, якія захацелі прыняць Яго дар. «Я адкрыў ім Тваё імя і буду адкрываць» (Ян 17:26).