Лк 11:14-23

14Аднойчы Ён выгнаў злога духа нематы. І калі злы дух выйшаў, нямы чалавек загаварыў, і людзі здзівіліся. 15А некаторыя з іх казалі: «Бэльзэбулам, князем злых духаў, Ён выганяе злых духаў». 16Іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад Яго знаку з неба. 17Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Усялякае валадарства, якое падзялілася само ў сабе, спусташаецца, і дом на дом падае. 18Калі сатана ў сабе падзяліўся, як выстаіць валадарства яго? Вы кажаце, што Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў. 19Калі Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў, то сыны вашыя сілаю каго выганяюць іх? Таму яны будуць вашымі суддзямі. 20Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства. 21Калі ўзброены асілак пільнуе свой дзядзінец, у бяспецы маёнтак ягоны. 22А калі нападзе мацнейшы за яго і пераможа яго, то возьме ўсю зброю яго, на якую той спадзяваўся, і раздасць здабычу сваю. 23Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.


Разважанні on Лк 11:14-23

Разважанне да Божага слова - 2026-03-12 Штодзённая малітва

Злы дух, якога выгнаў Езус, перашкаджаў чалавеку гаварыць, дзяліцца з іншымі досведам, будаваць адносіны праз дыялог і разуменне. Выйшаўшы з нямога чалавека, злы дух не знік цалкам. Ён пачаў дзейнічаць больш тонка. Адзін з характэрных ягоных метадаў – усяляць падазронасць і раз’ядноўваць людзей. Звярні ўвагу, як паўстае недавер у атачэнні Езуса, як распаўсюджваюцца чуткі і версіі з мэтай адвесці людзей ад Яго. Зірні на сваё жыццё. Як часта ты сумняешся ў тым, ці існуе праўда і бескарыслівае дабро? Можа, і за табой “ходзіць” спакуса бачыць падман, крывадушнасць і цёмныя ўплывы ва ўсім, што дзеецца вакол? Пагавары з Езусам пра выпадкі і абставіны, калі ў табе ўзнікаюць імпульсы ўтварыць падзел, недавер, распаўсюджваць падазронасць і плёткі. Папрасі прабачэння за любое зло, якое ўвайшло ў жыццё бліжніх з-за цябе.