Лк 11:15-26

15А некаторыя з іх казалі: «Бэльзэбулам, князем злых духаў, Ён выганяе злых духаў». 16Іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад Яго знаку з неба. 17Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Усялякае валадарства, якое падзялілася само ў сабе, спусташаецца, і дом на дом падае. 18Калі сатана ў сабе падзяліўся, як выстаіць валадарства яго? Вы кажаце, што Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў. 19Калі Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў, то сыны вашыя сілаю каго выганяюць іх? Таму яны будуць вашымі суддзямі. 20Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства. 21Калі ўзброены асілак пільнуе свой дзядзінец, у бяспецы маёнтак ягоны. 22А калі нападзе мацнейшы за яго і пераможа яго, то возьме ўсю зброю яго, на якую той спадзяваўся, і раздасць здабычу сваю. 23Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.

24Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, і, не знайшоўшы, кажа: “Вярнуся да дому свайго, адкуль выйшаў”. 25І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. 26Тады ідзе і бярэ іншых сем духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае».


Разважанні on Лк 11:15-26

Разважанне да Божага слова - 2025-10-10 Штодзённая малітва

Сатана, злы дух, пастаянна шукае сабе спрыяльнае месца пражывання. Езус заклікае быць напагатове і распазнаваць хітрыкі зламысніка. У Брэвіярыі чытаем: «Не давайце д’яблу магчымасці». Св. Ігнацый раіць нам зачыняць дзверы пры першых прыкметах спакус. Памолімся аб духу распазнавання.

Прыгадаем сабе, што сатана бяссільны супраць тых, хто імкнецца падтрымліваць сапраўднае малітоўнае жыццё. Езус сказаў, што ніхто не можа ўкрасці або вырваць з рукі Айца тых, каго Айцец даў Яму (Ян 10:29).