Лк 14:1,7-14

1Калі Езус прыйшоў у шабат да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.

7Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: 8«Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, 9і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: “Саступі яму месца”. Тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца. 10Але калі запросяць цябе, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: “Дружа, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. 11Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца».

12Таксама сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: «Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату. 13Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых, 14і будзеш шчаслівы, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрашэння справядлівых».


Разважанні on Лк 14:1,7-14

Разважанне да Божага слова - 2025-08-31 Навэнна да святога Ігнацыя

Найбольшы сярод вас няхай будзе слугою ўсіх. «Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх». Ці імкнуся я да таго, каб мяне шанавалі людзі, а не Бог? Меркаванні людзей заўсёды будуць рознымі, і ў рэшце рэшт яны проста не маюць значэння.

«Пане, навучы мяне велікадушнасці.
Навучы мяне служыць Табе так, як Ты заслугоўваеш;
даваць, не лічачы коштаў;
змагацца, не зважаючы на раны,
аддаваць усе сілы, не шукаючы адпачынку,
працаваць, не чакаючы ўзнагароды,
акрамя ўсведамлення, што я выконваю Тваю волю»
(меркаваны аўтар малітвы – святы Ігнацый).