Лк 17:11-19

11Калі Езус ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. 12І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія, стаўшы здалёк, 13моцным голасам казалі: «Езу, Настаўнік, змілуйся над намі!» 14Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». А калі адышлі, яны ачысціліся. 15Адзін з іх, убачыўшы, што быў вылечаны, вярнуўся і моцным голасам праслаўляў Бога, 16і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. 17Тады Езус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? Дзе ж дзевяць? 18Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца?» 19І сказаў яму: «Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе».


Разважанні on Лк 17:11-19

Разважанне да Божага слова - 2025-11-12 Штодзённая малітва

Гэтае слова «ўстань», якое Езус кажа тым, каго аздараўляе, мае перадсмак ўваскрасення і новага жыцця – жыцця ў паўнаце, якое нараджаецца дзякуючы веры чалавека ў Езуса Хрыста, у якім бачыць крыніцу свайго ацалення. І хоць у нашым грамадстве можа і няма сапраўдных пракажоных, сённяшні ўрывак Евангелля дае нагоду паразважаць, каго сярод нас можна лічыць пракажонымі, чужымі, ізгоямі і недатыкальнымі. Можам таксама падумаць, ці ставімся да каго-небудзь як да чужога: доме, на працы ці ў іншых месцах. Такое выключэнне цалкам супярэчыць таму, што мы святкуем у Эўхарыстыі.