Лк 2:22-35

22А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану, 23— як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; — 24і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят.

25Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і пабожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. 26Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. 27І прыйшоў ён, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону, 28ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:

29«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі; 30бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, 31якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў, 32святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народу Твайго Ізраэля».

33А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго. 34І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. 35А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».


Разважанні on Лк 2:22-35

Разважанне да Божага слова - 2025-12-29 Штодзённая малітва

Сімяон распазнае, кім Дзіця ёсць, і прамаўляе малітву падзякі і адданасці Богу. Ён мае адвагу сцвердзіць, што Езус прывядзе да падзення многіх людзей. Здаецца, гэта супярэчыць любячаму, прабачальнаму і спагадліваму Езусу з Евангелля. І ўсё ж парадокс заключаецца ў тым, што многія па розных прычынах цалкам адкінуць жыццё, якое прапануе Езус, і тым самым яны адварочваюцца і ад кірунку, дзе маглі б знайсці “жыццё ў паўнаце”. Езус ёсць тым знакам, які паказвае нам кірунак да Бога, аднак было і ёсць шмат тых, хто супярэчыць гэтаму знаку і ідзе ў іншых напрамках.

Сапраўдная веліч Марыі не ў прывілеях, дадзеных ёй Богам, а ў Яе безумоўным прыняцці ўсяго, што Ён прызначыў. Для кожнага з нас таксама. Сёння скажам і мы вялікае «Так» Богу на ўсё, што Ён нам пасылае.