Лк 7:11-17

11На наступны дзень Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп. 12Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. Шмат людзей з горада ішло разам з ёю. 13Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: «Не плач!» 14І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань!» 15Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Езус маці ягонай. 16Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» і: «Бог наведаў свой народ». 17Так разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.


Разважанні on Лк 7:11-17

Разважанне да Божага слова - 2025-11-02 Навэнна да святога Ігнацыя

Езус, спагадны і чулы да смуткуючай удавы, кажа ёй: «Не плач». І вяртае ёй сына. Успомнім сёння ўсіх памерлых вернікаў і ўзнясём за іх малітву, каб яны былі там, дзе наш Пан: Божа, наш Ойча, Тваёй моцай мы нараджаемся, Твой Провід кіруе нашым жыццём, і па Тваім наказе мы вяртаемся ў пыл. Пане, памерлыя, з якімі мы развіталіся тут, жывуць у Тваёй прысутнасці, іх жыццё змяняецца, але не канчаецца. З надзеяй малюся за сваю сям’ю, родных і сяброў, і за ўсіх памерлых, вядомых толькі Табе. Разам з Хрыстом, які памёр і цяпер жыве, няхай яны радуюцца ў Тваім Валадарстве, дзе Ты выціраеш усе людскія слёзы. З’яднай нас зноў у адну сям’ю, каб мы спявалі Табе хвалу навекі. Амэн.