Мк 10:32-45
32Калі вучні былі ў дарозе і ўзыходзілі ў Ерузалем, Езус ішоў наперадзе іх. Яны дзівіліся, а тыя, хто ішоў за Ім, былі спалоханыя. Ён зноў узяў Дванаццаць і пачаў казаць ім пра тое, што з Ім павінна здарыцца: 33«Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць і аддадуць язычнікам. 34Будуць здзекавацца з Яго, аплёўваць Яго і бічаваць Яго, і заб’юць, а праз тры дні Ён уваскрэсне».
35Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім». 36Ён жа адказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?» 37 Яны сказалі Яму: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй». 38Але Езус сказаў ім: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?» 39 Яны адказалі Яму: «Можам». А Езус сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, 40але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана».
41Пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна. 42А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. 43Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; 44і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. 45Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».
“Copyright © 2021 National Council of Churches of Christ in the United States of America. Used by permission. All rights reserved worldwide.”
Разважанні on Мк 10:32-45
Разважанне да Божага слова - 2026-05-27 Штодзённая малітва
Размова Яна і Якуба з Хрыстом – гэта непаразуменне. Браты просяць месца ў хвале Валадарства, дзе Езус сядзе на трон. Яны не ведаюць, што гэтым тронам будзе крыж, хоць Настаўнік выразна папярэджваў аб тым некалькі хвілін раней.
Езус выкарыстоўвае сітуацыю і ўзрушэнне, каб навучыць апосталаў. Ён хоча, каб яны ведалі пра прыроду ўлады. Ён ставіць сябе ў якасці прыкладу для іх. Улада на самай справе азначае служэнне. Езус становіцца слугой любові. Каб засведчыць гэтую любоў іншым, аддае нават жыццё. Папросім сёння Езуса ўзяць нас у спадарожнікі, каб, ідучы з Ім, навучыцца любіць і служыць, як Ён.