Мк 12:13-17

13І паслалі да Яго некаторых фарысеяў і прыхільнікаў Ірада, каб злавіць Яго на слове. 14Падышоўшы, яны спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва вучыш шляху Божаму. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Плаціць нам, ці не плаціць?» 15А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, сказаў ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб паглядзець». 16Калі прынеслі Яму дынар, Ён запытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Яны адказалі Яму: «Цэзара». 17Тады Езус сказаў ім: «Цэзарава аддавайце цэзару, а Божае – Богу». І дзівіліся Яму.


Разважанні on Мк 12:13-17

Разважанне да Божага слова - 2026-06-02 Штодзённая малітва

Кніжнікі і старэйшыны хацелі злавіць Езуса на выказванні супраць якога-небудзь прадпісання, ачарніць і дыскрэдытаваць Яго ў вачах людзей, і такім чынам прымусіць Яго замаўчаць, выдаліць з грамадскага жыцця. Як выявілася, Ягонае вучэнне пагражала іх інтарэсам: багаццю, рэлігійнаму статусу і самапавазе.

Фарысеі нават маніпулююць праўдай, каб дасягнуць сваёй мэты. Езус паказвае, што справядліва і належна Богу і чалавецтву. Ён імкнецца аднавіць парадак рэчаў, які пахіснуўся пасля першароднага граху. Ці тое, чаго ты хочаш, што выбіраеш, што табе глыбока неабыякава, набліжае цябе да Бога?

Будзем прасіць Святога Духа вызваліць нас ад тых прывязанасцяў, якія аддаляюць нас ад выканання Божай волі.