Мк 12:18-27

18Прыйшлі да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: 19«Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, яго брат павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства для брата свайго. 20Было сем братоў. Першы ўзяў жонку і памёр, не пакінуўшы патомства. 21Тады ўзяў яе другі і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці. 22І ніхто з семярых не пакінуў патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына. 23Пры ўваскрашэнні, калі яны ўваскрэснуць, каму з іх яна будзе жонкай? Бо ў семярых яна была жонкаю».

24Езус адказаў ім: «Ці не таму памыляецеся, што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай? 25Бо калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як анёлы ў нябёсах. 26 А наконт таго, што мёртвыя ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог з цярновага куста прамаўляў да яго, кажучы: “Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба”? 27Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых! Таму вы моцна памыляецеся».


Разважанні on Мк 12:18-27

Разважанне да Божага слова - 2026-06-03 Штодзённая малітва

Садукеі былі рэлігійнай і палітычнай партыяй, якая складалася з найбагацейшых юдэяў. Яны падтрымлівалі элінізацыю Ізраэля і супрацоўнічалі з Рымам, не верылі ва ўваскрасенне, вечнае жыццё і прыйсце Месіі. Гэта былі людзі, якія хацелі жыць тут, на зямлі; яны не шукалі Бога і Яго абяцанняў. Прадстаўляючы Езусу гіпатэтычную сітуацыю адносна сужэнства ў кантэксце закона Майсея, садукеі насамрэч хацелі, каб Езус пагадзіўся з імі. Яны не былі адкрыты для дыялогу, а ўпарта трымаліся свайго.
Езус жа сказаў садукеям, што яны няправільна разумеюць Пісанне і сілу Бога. Але ім цяжка было прыняць, што Божая сіла найбольш поўна праяўляецца ў Божай любові да чалавецтва. Магчыма, і цябе штосьці “блакуе”, абмяжоўвае, перашкаджае прыняць Божыя абяцанні?

Завяршаючы гэты час малітвы, папрасі Езуса аб ласцы: каб лепш разумець, што канчатковай мэтай ёсць вечнае жыццё на нябёсах.