Мк 6:1-6
1Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. 2Калі надышоў шабат, Ён пачаў навучаць у сінагозе. Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: «Адкуль у Яго гэта і што за мудрасць дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? 3 Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры?» І абураліся на Яго. 4А Езус казаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне яго, сярод родных яго і ў доме яго». 5Таму Ён не мог учыніць там ніякага цуду, толькі на некалькіх хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. 6І дзівіўся іх бязвер’ю.
Хадзіў па навакольных вёсках і навучаў.
“Copyright © 2021 National Council of Churches of Christ in the United States of America. Used by permission. All rights reserved worldwide.”
Разважанні on Мк 6:1-6
Разважанне да Божага слова - 2026-02-04 Штодзённая малітва
Землякі Езуса, паколькі так добра (на іх думку) ведалі Яго, не маглі паверыць. Яны наўмысна вырашылі не бачыць таго, што адбывалася перад вачыма. У гэтым, вядома, іронія ўсёй сітуацыі: яны зусім Яго не ведалі. Яны былі аслеплены сваёй павярхоўнай знаёмасцю. У гэтую пастку “знаёмасці” вельмі лёгка трапіць. Колькі разоў мы не распазнавалі голас Езуса, бо чалавек, праз якога Ён звяртаецца, сустракаецца нам кожны дзень, чалавек, якога мы можам не любіць ці нават пагарджаць? Але Бог можа і размаўляе з намі праз усіх людзей, католікаў і не толькі, сваякоў, сяброў, калег, дзяцей, зусім незнаёмых людзей, адукаваных, неадукаваных і многіх іншых. Езус ніколі не навязвае нам сябе, а цярпліва чакае і дзейнічае толькі тады, калі мы супрацоўнічаем і адкрываемся Яму. Евангеліст Марк часта адзначае, як людзі здзіўляюцца вучэнню Езуса. На жаль, цяпер надышла чарга Езуса здзіўляцца адсутнасці веры ў яго родным горадзе.