Мц 10:26-33

26Не бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым. 27Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. 28Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене. 29Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага. 30У вас жа і валасы на галаве палічаны. 31Таму не бойцеся: вы вартыя больш за мноства вераб’ёў.

32Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. 33А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.


Разважанні on Мц 10:26-33

Разважанне да Божага слова - 2026-06-21 Штодзённая малітва

Езус ведае, што нам дакучаюць розныя страхі. Штосьці сапраўды з’яўляецца пагрозай, а штосьці палохае проста таму, што вымагае змагання і высілкаў. Езус вучыць не баяцца людзей, запэўнівае, што Ён застаецца з намі заўсёды і нязменна. Ён лечыць баязлівыя сэрцы, таму страхі можна адолець разам з Ім, можна ісці “скрозь” іх, насуперак ім, памятаючы, што нас трымаюць далоні Айца.
Ці хапае табе адвагі вызнаць Езуса ў неспрыяльных умовах, незалежна ад наступстваў? Аднак, найгоршай сітуацыяй было б адрачыся ад Яго, адмовіцца ад Яго навечна. Гэта адзінае, чаго сапраўды трэба баяцца, і гэта тое, перад чым Езус папярэджвае кожнага з нас. Памолімся аб мужнасці быць вернымі Яго сведкамі.