Мц 11:2-11

2Ян, калі пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх 3спытацца ў Яго: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?» 4сказаў ім Езус у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну тое, што чуеце і бачыце: 5сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, і памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна. 6І шчаслівы той, хто не
спакусіцца праз Мяне».

7Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае?
8На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. 9На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока. 10Гэта той, пра каго напісана:

“Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.

11Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве большы за яго.


Разважанні on Мц 11:2-11

Разважанне да Божага слова - 2025-12-14 Штодзённая малітва

Ці сапраўды Ян хацеў упэўніцца, ці ён дбаў пра веру сваіх вучняў, невядома. Як адказвае Езус? Як гэта не раз бывала, Ён не адказвае наўпрост, а цытуе прарока Ісаю, які дакладна апісаў тое, што робіць Езус. Па сутнасці, Ён сцвярджае: “Так, Я той, хто павінен прыйсці. Я Месія, Хрыстцс, Збаўца, Кароль Ізраэля”.

Хоць Ён ужо тут, мы, у пэўным сэнсе, усё яшчэ трываем у чаканні. Езус ужо прысутнічае і дзейнічае праз сваё Цела, хрысціянскую супольнасць, Касцёл. Але Ён усё яшчэ мае больш поўна ўвайсці ў нашае жыццё. Каляды – час падарункаў: як дарыць, так і атрымліваць. Давайце ўпэўнімся, што сярод падарункаў, якія мы прапануем іншым, ёсць хрысціянская радасць, якую мы самі атрымалі.