Мц 1:18-24

18Нараджэнне Езуса Хрыста было такім. Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога. 19Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. 20Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. 21Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных». 22А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа:

23«Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль,

што азначае “з намі Бог”».

24Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.


Разважанні on Мц 1:18-24

Разважанне да Божага слова - 2025-12-21 Штодзённая малітва

Мы рэдка ўспрымаем Адвэнт як час Святога Духа, але ў звеставанні Юзафу, а раней і Марыі, жыве і дзейнічае Дух. Таямнічым, цудоўным чынам, спазнаным толькі праз веру, дзеянне Духа прыносіць свету дар Бога-Асобы, чалавечага ў боскім і боскага ў чалавечым, фізічна і духоўна. У чалавечнасці Марыі Езус расце, ад эмбрыёна да дзіцяці. Вера Юзафа дасягае нас найперш сваім заклікам паверыць у таямніцу. Падчас малітвы можам спрабаваць уявіць Марыю і Юзафа, якія размаўляюць між сабой пра ўсё, што адбылося, а таксама ўявіць Святога Духа – у любові і ў атмасферы вакол іх.

Няхай Дух ахіне нашую штодзённасць ва ўсіх яе дробязях.