Мц 2:1-12

1Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, 2кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». 3Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім. 4Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус. 5Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

6“І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”».

7Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. 8Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму». 9Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. 10Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. 11Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра. 12Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай.


Разважанні on Мц 2:1-12

Разважанне да Божага слова - 2026-01-06 Штодзённая малітва

У вершы, прысвечаным падарожжу мудрацоў, Т. С. Эліёт прапануе ўявіць сабе мудрацоў з Усходу, якія заўважаюць на небе штосьці незразумелае. Іх мудрасць і цікаўнасць дапамагалі ім інтэрпрэтаваць падзеі вакол сябе на зямлі, і, дзякуючы гэтым здольнасцям, яны былі гатовыя прыкласці нямала намаганняў, каб паспрабаваць высветліць, што можа азначаць дзіўная зорка, якую яны ўбачылі. Няўжо яна сведчыць аб тым, што ў Ізраэлі нарадзіўся новы кароль? Мудрацы не ведалі, куды прывядзе іх зорка. Яны проста ішлі, пакуль яна не прывяла іх у Бэтлеем да Езуса. І ніколі не пашкадавалі аб сваім рашэнні. Калі ў нас толькі хопіць смеласці і даверу рушыць па іх прыкладзе, наўрад ці мы таксама будзем шкадаваць. Калі мы яшчэ гэтага не зрабілі, сёння – самы час распачаць шлях.