Мц 21:23-27

23Калі Ён прыйшоў у святыню і навучаў, падышлі да Яго першасвятары і старэйшыны народу і сказалі: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе гэтую ўладу?» 24Езус адказаў ім: «Спытаю ў вас і Я пра адно; калі скажаце Мне пра гэта, тады і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта. 25Адкуль быў Янаў хрост? З неба ці ад людзей?» Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, то Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?” 26А калі скажам: “Ад людзей”, – баімся натоўпу, бо ўсе лічаць Яна прарокам». 27І сказалі ў адказ Езусу: «Не ведаем». Тады і Ён сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».


Разважанні on Мц 21:23-27

Разважанне да Божага слова - 2025-12-15 Штодзённая малітва

Магчыма, тут варта сказаць некалькі слоў пра «аўтарытэт». Гэтае слова паходзіць ад лацінскага auctoritas, якое само па сабе з’яўляецца абстрактным назоўнікам ад дзеяслова augere. Augere азначае «павялічваць, рабіць большым». Той жа дзеяслоў мы знаходзім і ў слове «аўтар». Чалавек з «аўтарытэтам» не той, хто можа прымусіць. Праяўленне сапраўднага аўтарытэту заключаецца не ў кантролі або падпарадкаванні. Наадварот, гэта той, хто вызваляе патэнцыял у людзях, дае магчымасці развіцця. Езус не меў улады прымусу. Ён запрашаў людзей ісці за Ім. Ён прыйшоў служыць, а не каб Яму служылі. Ён прыйшоў, каб весці людзей да поўнага развіцця таго, чым яны могуць быць і павінны быць.

Ён зрабіў гэта выразна, калі стаў на калені і абмыў ногі вучням. Гэта быў акт улады – улады праяўлення любові. Кожны сам вырашае, ці ісці шляхам любові, ці ісці нейкім сваім шляхам. Кожны з нас мог бы паразважаць у малітве над тым, як мы ажыццяўляем уладу ў сваім жыцці: як бацькі, настаўнікі, працадаўцы ці ў любой іншай якасці, дзе мы нясём нейкую адказнасць перад іншымі. Вельмі мала хто з нас зусім не мае ўлады.