Мц 27:11-54
11Езус жа стаў перад намеснікам, а той спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Езус адказаў: «Ты кажаш». 12І калі абвінавачвалі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказаў. 13Тады сказаў Яму Пілат: «Ці не чуеш колькі сведчыць супраць Цябе?» 14Але Ён ні на адно слова не адказваў яму, таму намеснік вельмі дзівіўся.
15На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання натоўпу аднаго вязня. 16Быў тады ў іх адзін вязень, званы Бараба. 17І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Барабу ці Езуса, званага Хрыстом?» 18Ён ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго. 19А калі ён сядзеў на судовым месцы, жонка ягоная паслала сказаць яму: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела за Яго». 20Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі натоўп, каб прасілі за Барабу, а Езуса аддалі на смерць. 21Адказваючы, намеснік сказаў ім: «Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам?» Яны сказалі: «Барабу!» 22Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Усе закрычэлі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» 23Ён жа сказаў: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»
24Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а абурэнне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі!» 25І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых». 26Тады адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.
27А жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. 28І распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч. 29І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль юдэйскі!» 30І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве. 31А калі насмяяліся з Яго, знялі з Яго плашч і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі на ўкрыжаванне.
32Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірэнэйца па імені Сымон, якога прымусілі несці Ягоны крыж. 33Калі прыйшлі на месца, называнае Галгота, што азначае «Месца Чэрапа», 34далі Яму выпіць віна, змяшанага з жоўцю. Ён пакаштаваў, але не хацеў піць. 35Укрыжаваўшы Яго, падзялілі Ягоную вопратку, кідаючы лёсы. 36І, седзячы, пільнавалі Яго там. 37А над галавой Ягонай змясцілі надпіс з віной: «Гэта Езус, кароль юдэйскі».
38Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку. 39Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі 40і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога; калі Ты Сын
Божы, сыдзі з крыжа!» 41Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі: 42«Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Ён — кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго. 43Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: “Я —
Сын Божы”». 44Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.
45Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. 46А каля гадзіны дзевятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» 47Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Ён кліча Іллю». 48І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго. 49А другія казалі: «Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго». 50Езус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў духа. 51І вось, заслона ў святыні разарвалася надвое з верху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, 52і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі 53і выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрасення, увайшлі ў святы горад і паказаліся многім. 54А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі:
«Праўдзіва, гэта быў Сын Божы!» ,
“Copyright © 2021 National Council of Churches of Christ in the United States of America. Used by permission. All rights reserved worldwide.”
Разважанні on Мц 27:11-54
Разважанне да Божага слова - 2026-03-29 Штодзённая малітва
Вось, мы ўваходзім у Вялікі тыдзень. Настрой змяняецца на больш паважны. Якія думкі і пачуцці нараджаюцца ў табе, калі ты слухаеш і чытаеш падрабязнасці Мукі Хрыста? Ты можаш знайсці падабенства з цярпеннямі ў сваім жыцці. Магло стацца, што цябе несправядліва абвінавацілі, або людзі пакінулі аднаго, калі табе патрэбна была падтрымка. Або ты пайшоў разам з натоўпам, крычаў разам з ім або маўчаў разам з ім і цяпер адчуваеш сябе вінаватым, бо гэта быў не твой голас, не тваё жаданне? Можаш пагаварыць з Богам пра ўсё, што прыходзіць на думку. Можаш памаліцца аб загойванні ран. Прыслухайся. Можа, ты чуеш запрашэнне да большай цішыні і засяроджанасці на тым, што адбываецца ў тваім сэрцы на Крыжовым шляху Пана.