Мц 3:1-12

1У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: 2«Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае»., 3Гэта пра яго сказаў прарок Ісая:

«Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму!”»

4Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на сцёгнах сваіх; а ежай яму была саранча ды дзікі мёд. 5Тады выходзілі да яго Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана 6і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае.

7Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? 8Прынясіце ж годны плён пакаяння 9і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”, бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму. 10Ужо сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь.

11Я вас хрышчу вадою дзеля пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я няварты несці сандалі Ягоныя. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. 12Лапата Яго ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў засекі, а мякіну спаліць агнём непагасным».”