Ян 14:1-12

1Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. 2У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. 3А калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. 4А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце». 5Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?» 6Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. 7Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі».

8Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам». 9Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?” 10Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы. 11Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў. 12Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца.


Разважанні on Ян 14:1-12

Разважанне да Божага слова - 2026-05-03 Штодзённая малітва

“Я Дарога, Праўда і Жыццё” – гэтыя словы Хрыста вядуць нас у паўсядзённасці, у нашых дробных рашэннях і ў вялікім жыццёвым выбары. Выбіраючы Езуса, ты выбіраеш жыць у праўдзе. З Езусам у якасці правадніка ты атрымліваеш магчымасць перажыць найпрыгажэйшую, унікальную і непаўторную прыгоду, якой з’яўляецца тваё жыццё! Тое, што ты робіш для іншых, змяняе цябе і жыццё тых, каму ты дапамагаеш. З Божай дапамогай, ты знойдзеш у сэрцы месца, каб прыняць, падтрымаць і любіць людзей, якія маюць патрэбу ў гэтай любові і дапамозе.