Ян 1:45-51

45Філіп знайшоў Натанаэля і сказаў яму: «Мы знайшлі таго, пра каго пісалі Майсей у Законе і Прарокі, – Езуса з Назарэта, сына Юзафа». 46Але Натанаэль сказаў яму: «Ці можа быць штосьці добрае з Назарэта?» Філіп адказаў яму: «Ідзі і паглядзі». 47Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, кажа пра яго: «Вось сапраўдны ізраэльцянін, у якім няма падману». 48Натанаэль адказаў Яму: «Адкуль Ты ведаеш мяне?» Езус адказаў яму: «Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю». 49Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі, Ты Сын Божы! Ты Кароль Ізраэля!» 50Езус сказаў яму ў адказ: «Ты верыш, бо Я сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта». 51І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба раскрытае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага».


Разважанні on Ян 1:45-51

Разважанне да Божага слова - 2026-08-24 Штодзённая малітва

Хрысціянская традыцыя атаясаміла Барталамея сінаптычных евангелляў з Натанаэлем, якога сустракаем у чацвёртым евангеллі. Езус не засяроджваецца на прадузятасці Натанаэля і не бярэцца штосьці яму даказваць. Замест гэтага Пан звяртае ўвагу на найлепшыя якасці, якімі валодае будучы апостал. Ці магу сабе ўявіць, што Езус, гледзячы на мяне, бачыць найлепшае, што ёсць ува мне? Пастараюся пабыць пад гэтым позіркам і адчуць, што Пан верыць у мяне і запрашае адкрываць новыя глыбіні дару Яго прысутнасці ў маім жыцці.