Ян 5:17-30

17А Езус адказаў юдэям: «Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю». 18За гэта юдэі яшчэ больш намагаліся забіць Яго, бо Ён не толькі зняважыў шабат, але таксама называў Бога сваім Айцом, робячы сябе роўным Богу. Улада, дадзеная Айцом Сыну

19Тады Езус сказаў ім у адказ: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не можа Сын рабіць сам ад сябе нічога, калі б не бачыў Айца, які робіць. Бо што робіць Ён, тое таксама робіць Сын. 20 Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што сам робіць, і пакажа Яму справы большыя за гэтыя, каб вы дзівіліся. 21Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча. 22Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд аддаў Сыну, 23каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго. 24Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто слухае Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на суд, але перайшоў ад смерці да жыцця.

25Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць гадзіна і ўжо настала, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і якія пачуюць, ажывуць. 26Бо, як Айцец мае ў сабе жыццё, так і Сыну даў мець жыццё ў сабе. 27І даў Яму ўладу вяршыць суд, бо Ён Сын Чалавечы. 28Не здзіўляйцеся гэтаму, бо надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Ягоны, 29і выйдуць, хто чыніў дабро, каб уваскрэснуць для жыцця, а хто рабіў зло, каб уваскрэснуць для асуджэння.

30Я нічога не магу рабіць ад сябе. Як чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо Я не шукаю сваёй волі, але волі таго, хто паслаў Мяне.


Разважанні on Ян 5:17-30

Разважанне да Божага слова - 2025-04-02 Штодзённая малітва

Евангелле паводле св. Яна, напісанае пасля астатніх трох Евангелляў, не мае сабе роўных у выяўленні боскасці Езуса і блізкіх адносін з Айцом. У канцы 20 раздзела Ян сцвярджае, што гэтае Евангелле было напісана, каб мы маглі паверыць, што Езус ёсць Месія і Сын Божы. Езус казаў, што заўсёды імкнуўся выконваць волю свайго Айца. І гэта заўсёды павінна быць і нашай мэтай.

Калі б Бог не трымаў кожнае імгненне нашага жыцця, мы б проста перасталі існаваць. Гэтая праца з’яўляецца працай усёй Тройцы, Айца, Сына і Святога Духа. «А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны». Памолімся, каб поўнасцю даверыцца нязменнай любові Бога да кожнага з нас.