Ян 7:40-52

40З натоўпу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: «Ён сапраўды прарок!» 41Другія казалі: «Гэта Месія!» А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Месія? 42Ці ж не сказана ў Пісанні, што Месія прыйдзе з роду Давіда і з мястэчка Бэтлеема, адкуль быў Давід?» 43І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў натоўпе. 44Некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі.

45Прыйшлі ж слугі да першасвятароў і фарысеяў, а тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?» 46Слугі адказалі: «Ніколі ніхто з людзей так не гаварыў». 47Фарысеі адказалі ім: «Няўжо і вас увялі ў зман? 48Хіба паверыў у Яго хто са старэйшын або з фарысеяў? 49Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты!» 50Тады Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Езуса раней, сказаў ім: 51«Ці наш Закон асуджае чалавека, пакуль не выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?» 52На гэта адказалі яму: «Ці і ты з Галілеі? Даследуй і ўбачыш, што з Галілеі прарок не выйдзе!»

[[


Разважанні on Ян 7:40-52

Разважанне да Божага слова - 2026-03-21 Штодзённая малітва

Сёння мы маем працяг учорашняй блытаніны адносна асобы Езуса. Заўважны выразны канфлікт паміж тым, што людзі бачаць і чуюць, і тым, у што іх вучылі верыць.
Нам трэба памятаць, што мы чытаем гэты ўрывак не для таго, каб асудзіць габрэйскіх старэйшын ці фарысеяў, а для таго, каб паразважаць над уласнай прадузятасцю і недальнабачнасцю. Як мы бачым Езуса, Святое Пісанне, Касцёл, парафіяльную супольнасць? Як мы бачым сваю сям’ю, сяброў, суседзяў, не кажучы ўжо пра незнаёмцаў?
Памолімся аб адкрытым розуме, каб прыняць пасланне Езуса ў поўнай меры. Калі быць шчырымі, у кожным з нас ёсць нешта ад фарысея.