нядзеля 15 Снежань •Third Sunday of Advent
Прысутнасць
“Ты дарогу жыцця мне пакажаш, паўната радасці перад Табою, вечнае шчасце праваруч Цябе” (Пс 16 (15), 11). Пане, дапамажы мне жыць у Тваёй прысутнасці.
Свабода
Пане, занадта часта я думаю, што самастойна кантралюю сваё жыццё.
Дапамажы мне ўсвядоміць бяссілле перад многімі рэчамі.
Дай ласку і здольнасць аддаць Табе сваё жыццё
і адчуць радасць гэтай свабоды.
Усведамленне
О, Пане, дазволь мне свядома і ўдзячна
прыняць усе ласкі, якія Ты спасылаеш мне.
Няхай мне заўсёды хапае велікадушнасці, каб дзяліцца сваімі благаслаўленнямі з іншымі.
Божае слова
Лк 3:10-1810І пыталіся ў яго людзі, кажучы: «Што мы павінны рабіць?» 11Ён казаў ім у адказ: «Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае». 12Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: «Настаўнік, што мы павінны рабіць?» 13Ён адказаў ім: «Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце». 14Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: «А мы што павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёй платай».
15Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён, 16Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. 17Лапату трымае ў руцэ сваёй, каб ачысціць гумно сваё і сабраць пшаніцу ў засекі свае, а мякіну спаліць агнём непагасным».
18Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.
Разважанне да Божага слова
Слухачы закліку да пакаяння слушна спыталі Яна Хрысціцеля, што змяніць у сваім жыцці. У сваім адказе на першае месца ён паставіў закон міласэрнасці, заклікаючы дзяліцца з беднымі і сумленна ставіцца да ўсіх. Пане, навучы нас ставіцца з любоўю і клопатам да ўсіх, каго Ты ставіш на нашым шляху.
Ян Хрысціцель у сваёй пакоры прызнае, што не варты нават развязаць сандалі Пана. Аднак жа мы ўсе пакліканы ўзрастаць у пакоры і ўсведамляць уласную маласць і поўную залежнасць ад Бога. Папросім Бога адкрываць нам гэта ўсё больш і больш.
Размова
Дар маўлення – цудоўны дар.
Навучы мяне выкарыстоўваць гэты дар з дабрынёй.
Няхай я буду марудны да выказвання рэзкіх,
крыўдных, гнеўных і жорсткіх слоў.
Заканчэнне
Напоўнены любячай прысутнасцю Бога,
Я прашу Яго благаславіць мяне і накіроўваць мае крокі
у спаўненні Яго волі і супрацоўніцтве з Яго ласкай у сваім штодзённым жыцці.
Амэн
Copyright © 1999-2024 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.