серада 18 Снежань
Прысутнасць
У любы час дня і ночы мы можам паклікаць Езуса.
Ён заўсёды чакае нашага запрашэння.
Якое ж гэта благаслаўленне!
Не патрэбныя тэлефоны і электронныя паведамленні, толькі шэпт.
Свабода
Бог не чужы маёй свабодзе.
Наадварот, Дух удыхае жыццё ў самыя ўтоеныя жаданні,
далікатна падштурхоўвае мяне да ўсялякага дабра.
Прашу аб ласцы, каб дазволіць Духу агарнуць мяне.
Усведамленне
Узгадваю кожнага, хто прасіў мяне аб малітве, і даручаю Табе, Пане, разам са сваімі патрэбамі і цяжарамі.
Божае слова
Мц 1:18-2418Нараджэнне Езуса Хрыста было такім. Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога. 19Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. 20Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. 21Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных». 22А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа:
23«Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль,
што азначае “з намі Бог”».
24Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.
Разважанне да Божага слова
Напэўна, гэта быў вельмі цяжкі час для Марыі і Юзафа. Відавочна, што Юзаф ламаў галаву над тым, што яму рабіць, і нарэшце вызначыўся з канкрэтнымі дзеяннямі, перш чым умяшаўся анёл. Бог і нас часам пакідае ламаць галаву над тым, што рабіць у складаных абставінах. Праз малітву і ўважлівае распазнаванне ў святле Евангелля мы маем надзею, што Бог пакажа нам шлях.
Юзаф, як і Марыя, асаблівым чынам выбраны Богам. Ён, як мы чытаем, «чалавек справядлівы», і ў дабрыні сэрца хоча пазбавіць Марыю ад сораму і ганьбы сярод суседзяў. Паслухмяны пасланню анёла, ён стаўся ўзорам для ўсіх хрысціян, якія імкнуцца выконваць Божую волю. Папросім аб ласцы пазнання і выканання Божай волі і асабліва молімся за ўсе сужэнскія пары.
Размова
Зараз я ўяўляю перад сабой адну з Асобаў Тройцы, Айца, Сына ці Святога Духа, хто прыйдзе ва ўяўленне найбольш натуральным чынам, і вяду сардэчную размову аб сённяшнім фрагменце Пісання або падзях майго жыцця, якія хвалююць мяне ў гэты момант.
Заканчэнне
Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з Ім некалькі хвілін,
і цяпер іду далей з радасцю і надзеяй
служыць Яго народу.
Амэн
Copyright © 1999-2024 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.