серада 25 Снежань •THE NATIVITY OF THE LORD/Christmas Day
Прысутнасць
Хай радуецца і весяліцца сэрца маё
у гэты час малітвы.
Нагадвай мне часцей пра вялікія
благаслаўленні, якія Ты даеш мне, Божа мой.
Свабода
Пане, дазволь мне заўсёды
выконваць Тваю святую волю,
ведаючы, што Твая моц
правядзе мяне скрозь усе выпрабаванні.
Усведамленне
Пане, мой Божа, у Тваёй любячай прысутнасці я разгортваю свой дзень, нібы скрутак,
пачынаючы з гэтага часу і азіраючыся назад, момант за момантам.
У кожным з іх я вылучаю дабро і святло, ва ўдзячнасці.
Затым звяртаю ўвагу на цені і на тое, што яны мне кажуць,
шукаючы ў Цябе аздараўлення, разумення і прабачэння.
Божае слова
Ян 1:1-181На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. 2Яно было ў Бога на пачатку. 3Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. 4У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. 5А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.
6З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. 7Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. 8Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло. 9Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.
10У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. 11Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі. 12А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, 13якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.
14Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды. 15Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне». 16Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. 17Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. 18Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў».
Разважанне да Божага слова
Сёння мы пачынаем чытаць Евангелле паводле Яна. Гэта Евангелле, напісанае ў канцы першага стагоддзя, узнікла як плод грунтоўнага тэалагічнага разважання. Боскасць Езуса тут будзе падкрэслівацца ва ўсім. Усё створанае паходзіць праз Яго. Ён – святло, якое палае ў цемры.
Ва Уцелаўленні Бог стаў адным з нас і падобны да нас ва ўсім, акрамя граху. Цяпер, калі будзем у малітве размаўляць з Ім, можам звяртацца да Яго, як да сапраўды блізкага Сябра і Брата. Ён любіць нас і прагне, каб наша з Ім сяброўства ўзрастала.
Размова
Зараз я ўяўляю перад сабой адну з Асобаў Тройцы, Айца, Сына ці Святога Духа, хто прыйдзе ва ўяўленне найбольш натуральным чынам, і вяду сардэчную размову аб сённяшнім фрагменце Пісання або падзях майго жыцця, якія хвалююць мяне ў гэты момант.
Заканчэнне
Дзякую, Пане, за дар часу, праведзенага ў Тваёй прысутнасці і за ўсе Твае натхненні.
Амэн
Copyright © 1999-2024 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.