аўторак 31 Снежань
Прысутнасць
О Пане, Ты назваў мяне па імені,
запісаў на Сваіх далонях.
Дазволь мне ўзрастаць у даверы і ніколі не паддавацца адчаю.
Свабода
Пане, дай мне ласку вызваліцца ад усяго лішняга. Не дазволь прагнасці злавіць мяне ў сваю пастку. Захавай маё сэрца і розум свабоднымі, каб любіць Цябе і служыць Табе.
Усведамленне
Калі я размаўляю з Табою, Божа,
дапамажы мне ўзрастаць ва ўдзячнасці за дар камунікацыі.
Учыні так, каб я гаварыў за тых, хто не мае голасу
і заўсёды меў добрае слова для людзей у патрэбе.
Божае слова
Ян 1:1-181На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. 2Яно было ў Бога на пачатку. 3Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. 4У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. 5А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.
6З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. 7Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. 8Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло. 9Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.
10У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. 11Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі. 12А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, 13якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.
14Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды. 15Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне». 16Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. 17Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. 18Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў».
Разважанне да Божага слова
Тэма святла – улюбёная тэма Евангелля паводле Яна, дзе акцэнтуецца прасвятленне розуму, які такім чынам адкрываецца на Божае Аб'яўленне. Езус – святло, якое прыйшло ў свет, каб прасвятліць усіх, хто Яго прыме. Ён прыходзіць, каб адкрыць, якім насамрэч з’яўляецца Бог, Яго Айцец. «Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы» (Ян 14, 10).
Калі мы чытаем Евангелле рэгулярна, то даведваемся пра Езуса больш і больш. Але толькі праз сустрэчу з ім у шчырай малітве мы можам пазнаць Яго асабіста, адчуць, які Ён.
Пане, няхай наша штодзённая малітва стане радаснай сустрэчай з Табой.
Размова
Езу, Ты прамаўляеш да мяне праз словы Евангелля.
Прагну сёння адказаць на Твой заклік.
Навучы мяне распазнаваць Тваю руку сярод паўсядзённых спраў.
Заканчэнне
Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з Ім некалькі хвілін,
і цяпер іду далей з радасцю і надзеяй
служыць Яго народу.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.