чацвер 2 Студзень
Прысутнасць
Бог са мной, больш за тое, Бог ўва мне.
Хоць на хвіліну затрымаюся ў жыццядайнай прысутнасці Бога
у целе, розуме і сэрцы,
вось цяпер.
Свабода
Пане, я малюся аб Тваім дары свабоды.
Няхай Святы Дух
натхняе людзей ва ўладзе працаваць на карысць
сапраўднай справядлівасці для ўсяго Божага народу.
Усведамленне
Мяне ахінае Твая любячая прысутнасць, Пане,
але я ўсведамляю сваю ўразлівасць і слабасць.
Дзякуй, што магу сутыкнуцца са сваімі недахопамі
у Тваіх міласэрных абдымках.
Божае слова
Ян 1:19-2819Вось сведчанне Яна. Калі юдэі з Ерузалема паслалі святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: «Хто ты?» 20Ён абвясціў, не выракся і вызнаў: «Я не Месія». 21І спыталіся ў яго: «Дык хто ж? Ты Ілля?» І сказаў: «Не». «Ты прарок?» І ён адказаў: «Не». 22Тады сказалі яму: «Хто ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?» 23Ён сказаў:
«Я голас таго, хто кліча ў пустыні: “Раўняйце дарогу Пану”,
як сказаў прарок Ісая».
24А пасланцы былі з фарысеяў. 25І яны спыталіся ў яго: «Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля і ні прарок?» 26Ян сказаў ім у адказ: «Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, 27той, хто ідзе за мною, якому я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных». 28Сталася гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.
Разважанне да Божага слова
Ян Хрысціцель без страху казаў праўду ўсім, хто хацеў слухаць, заклікаў людзей пакаяцца і адвярнуцца ад граху, каб яны маглі чакаць Месію з адкрытым сэрцам. Ён дакарае Ірада за тое, што той парушыў закон і ажаніўся з жонкай свайго брата. За выказаную ў вочы праўду Ян і быў забіты. Усвядомім, што мы ўсе пакліканы да жыцця ў вернасці праўдзе.
Служэнне Яна адбывалася каля Бэтаніі, месца, якое пазней любіў наведваць Пан, бо там жылі сёстры Марта і Марыя са сваім братам Лазарам, з якімі Езус пасябраваў. Ён просіць нас у Ім зрабіць сабе жыллё, як Ён стварае Сабе жыллё ў нас (Ян 14, 23). Памолімся аб ласцы прыняць Яго ў нашых сэрцах.
Размова
Як Божае Слова ўзрушыла мяне?
Ці пакінула адчуванне сухасці?
Суцешыла мяне ці падштурхнула дзейнічаць па-новаму?
Я ўяўляю Езуса, які стаіць ці сядзіць побач са мной
Я дзялюся з Ім сваімі пачуццямі.
Заканчэнне
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
як было спрадвеку,
цяпер і заўсёды,
і навекі вечныя. Амэн.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.