нядзеля 5 Студзень •Second Sunday of Christmas (USA The Epiphany of the Lord)
Прысутнасць
Пане Езу, прыходжу да Цябе сёння з тугою па Тваёй прысутнасці. Я прагну любіць Цябе, як Ты любіш мяне. Няхай ніколі і нішто не разлучыць мяне з Табою.
Свабода
Добры Божа, напоўні сэрца
жаданнем ведаць і любіць Цябе больш.
Дазволь паслухмяна адгукнуцца на Тваю волю адносна майго жыцця.
Усведамленне
У гэты момант, Пане, я скіроўваю думкі да Цябе.
Я пакіну ў баку свае справы і клопаты.
Адпачну і аднаўлю сілы ў Тваёй прысутнасці.
Божае слова
Ян 1:1-181На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. 2Яно было ў Бога на пачатку. 3Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. 4У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. 5А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.
6З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. 7Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. 8Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло. 9Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.
10У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. 11Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі. 12А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, 13якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.
14Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды. 15Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне». 16Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. 17Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. 18Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў».
Разважанне да Божага слова
Паколькі мы не маглі пайсці да Бога, Бог прыйшоў і пасяліўся сярод нас. Як сказаў а. Каніс Іган SJ, «У цішыні ночы сама любоў пракралася ўпотай, каб абняць сэрцы ўсіх». Тое, што Стварыцель сусвету пажадаў прыняць прыроду свайго стварэння і стаць адным з нас, настолькі дзіўна, што мы не ў стане гэта спасцігнуць. Папросім жа Бога выканаць абяцанне і аб'явіцца нам.
Размова
Езу, Ты заўсёды сардэчна вітаў маленькіх дзяцей, калі хадзіў па гэтай зямлі.
Навучы мяне мець дзіцячы давер да Цябе,
памятаючы, што Ты ніколі не пакінеш мяне.
Заканчэнне
Дзякую, Пане, за дар часу, праведзенага ў Тваёй прысутнасці і за ўсе Твае натхненні.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.