серада 8 Студзень
Прысутнасць
Езу, сёння я звяртаюся да Цябе інакш, чым звычайна. Часцей я прыходжу з просьбамі. Сёння хачу проста пабыць у Тваёй прысутнасці. Няхай маё сэрца адгукнецца на Тваю Любоў.
Свабода
Твая смерць на крыжы вызваліла мяне.
Я магу жыць радасна і свабодна,
без страху смерці.
Твая міласэрнасць не ведае межаў.
Усведамленне
Мяне ахінае Твая любячая прысутнасць, Пане,
але я ўсведамляю сваю ўразлівасць і слабасць.
Дзякуй, што магу сутыкнуцца са сваімі недахопамі
у Тваіх міласэрных абдымках.
Божае слова
Мк 6:34-4434Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра, і пачаў іх многаму вучыць. 35Калі мінула ўжо шмат часу, вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, сказалі: «Месца гэта пустыннае, і гадзіна ўжо позняя; 36адпусці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і паселішчы і купілі сабе чаго-небудзь з’есці». 37Ён жа сказаў ім у адказ: «Вы дайце ім есці». Яны сказалі Яму: «Ці мы павінны пайсці і за дзвесце дынараў купіць хлеба, і даць ім есці?» 38А Ён спытаўся ў іх: «Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце». Даведаўшыся, яны сказалі: «Пяць хлябоў і дзве рыбіны». 39Тады загадаў ім пасадзіць усіх групамі на зялёнай траве. 40І паселі групамі па сто і па пяцьдзясят. 41Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і разламаў хлябы, і даў вучням сваім, каб яны раздалі ім; і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх. 42Усе елі і насыціліся. 43І сабралі дванаццаць поўных кашоў кавалкаў і рэшты ад рыбы. 44А тых, хто еў хлябы, было каля пяці тысяч мужчын.
Разважанне да Божага слова
Нават у позні час гэтыя галодныя «авечкі» не наракалі і не скардзіліся на Езуса, які прапаведаваў ім у гэтым «пустынным месцы». Ягоныя словы і пасланне сілкавалі іх дух. Калі душа насычаецца, патрэбы цела памяншаюцца, і ёсць магчымасць больш клапаціцца пра голад душы.
Праславім сёння Бога, які забяспечвае ўсе нашыя патрэбы. Будзем дзякаваць Яму за ўсё, але асабліва за хлеб жыцця, які атрымліваем у Эўхарыстыі.
Размова
Паразважаю, як я сёння слухаў Божае слова. Што я хацеў бы ўзяць з сабой? Што хачу запомніць з сённяшняга чытання?
Заканчэнне
Напоўнены любячай прысутнасцю Бога,
Я прашу Яго благаславіць мяне і накіроўваць мае крокі
у спаўненні Яго волі і супрацоўніцтве з Яго ласкай у сваім штодзённым жыцці.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.