пятніца 10 Студзень
Прысутнасць
О Пане, Ты назваў мяне па імені,
запісаў на Сваіх далонях.
Дазволь мне ўзрастаць у даверы і ніколі не паддавацца адчаю.
Свабода
Пане Божа, дзякую Табе за дар свабоды.
Дапамажы мне сумленна выкарыстоўваць гэты дар.
Я вольны рабіць выбар.
Дапамажы мне выбіраць ісці за Табой,
жыць па-хрысціянску, клапоцячыся пра іншых.
Нагадай мне заўсёды памятаць пра тых, каму пашанцавала менш за мяне:
прыгнечаных, зняволеных, тых, хто не мае права на публічнае набажэнства.
Натхняй мяне заўсёды шукаць Тваёй святой волі ва ўсіх жыццёвых падзеях.
Усведамленне
Езу, Ты заўсёды тут, чакаеш мяне.
Дай мне часцей знаходзіць цішыню і спакой,
каб прагнуць праводзіць час у Тваёй прысутнасці,
каб зведацьТвой супакой, Тваю любоў.
Божае слова
Лк 4:14-2214Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею. І разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы. 15А Ён навучаў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.
16Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат у сінагогу і падняўся, каб чытаць. 17Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён трапіў на месца, дзе было напісана:
18«Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, 19каб абвясціць год ласкі Пана».
20Згарнуўшы кнігу, Ён аддаў яе слугу і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. 21І Ён пачаў гаварыць ім: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі». 22Усе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: «Ці ж не сын Юзафа гэта?»
Разважанне да Божага слова
У часы Езуса быў звычай запрашаць мясцовых прапаведнікаў выступіць перад сабранымі ў сінагозе. З вялікай цікаўнасцю жыхары Назарэту прыйшлі паслухаць Езуса. Яго словы, поўныя Духа, здзівілі іх, але з іншых евангельскіх аповедаў аб гэтым прапаведванні ў Назарэце мы ведаем, што людзям перашкаджала зайздрасць і недахоп веры. Магчыма, і мы абураемся калі-небудзь з-за дароў, якія атрымліваюць іншыя, замест таго, каб хваліць Бога і дзякаваць за іх?
Калі мы слухаем словы Езуса ў Евангеллі, ці прымаем мы іх з верай і ўдзячнасцю? Той самы Езус, які прамаўляў у сінагозе ў Назарэце, зараз з намі ў малітве.
Размова
Паразважаю, як я сёння слухаў Божае слова. Што я хацеў бы ўзяць з сабой? Што хачу запомніць з сённяшняга чытання?
Заканчэнне
Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з Ім некалькі хвілін,
і цяпер іду далей з радасцю і надзеяй
служыць Яго народу.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.