нядзеля 12 Студзень •The Baptism of the Lord
Прысутнасць
“Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці”. (Мц 6:6) Божа, Ты — мой унутраны пакой, Ты заўсёды ўва мне, а я ў Табе. Няхай штодня я прысвячаю час, каб увайсці ў пакой майго сэрца і быць з Табой.
Свабода
Многія краіны ў гэты момант пакутуюць ад жахаў вайны. Схіляю галаву ў знак падзякі за сваю свабоду. Малюся за вязняў, палонных і ўсіх, каго закранула вайна.
Усведамленне
Божа, дай мне адпачыць у Тваёй прамяністай прысутнасці, як кветка грэецца ў святле і цяпле сонца. Дзякуй, што прыносіш святло і цеплыню ў маё жыццё праз іншых людзей, праз прыроду, праз сваё Слова.
Божае слова
Лк 3:15-16,21-2215Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён, 16Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём.
21Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, 22і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я». ,
Разважанне да Божага слова
Ян абвяшчаў пакаянне і змыванне грахоў праз хрышчэнне вадой. Езус, з'яўляючыся Богам, не меў патрэбы ў пакаянні і хросце, але ў сваёй чалавечай прыродзе як прадстаўнік ўсяго чалавецтва Ён ідзе да Яна хрысціцца і прымае Духа Святога, які сыходзіць на Яго, як голуб. Ён стаўся першынцам новага стварэння, якое чыніць Бог. «Калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне» (2 Кар 5:17).
Памолімся аб аднаўленні ласкаў нашага хросту і аб новым жыцці, якое Хрыстус здабыў для нас жыццём, смерцю і ўваскрасеннем.
Размова
Размова патрабуе маўлення і слухання.
Калі я размаўляю з Езусам, мне таксама варта навучыцца захоўваць спакой і ўважліва слухаць.
Я ўяўляю пяшчоту ў Яго вачах
і ўсмешку, поўную любові, калі Ён глядзіць на мяне.
Я магу быць цалкам шчырым з Езусам, калі апавядаю Яму свае турботы і клопаты.
Я адкрыю Яму сваё сэрца, падзялюся сваімі страхамі і сумненнямі.
Буду прасіць, каб Ён дапамог мне цалкам даверыцца Ягонай апецы,
аддаць сябе Яму,
ведаючы, што Ён заўсёды хоча для мяне найлепшага.
Заканчэнне
Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з Ім некалькі хвілін,
і цяпер іду далей з радасцю і надзеяй
служыць Яго народу.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.