панядзелак 13 Студзень
Прысутнасць
Раблю паўзу перад тым, як увайсці ў малітву,
і думаю пра любоў і шматлікія ласкі,
якімі Бог абсыпае мяне,
ствараючы мяне паводле вобраза і падабенства Свайго,
будуючы мяне як Сваю святыню…
Свабода
Многія краіны ў гэты момант пакутуюць ад жахаў вайны. Схіляю галаву ў знак падзякі за сваю свабоду. Малюся за вязняў, палонных і ўсіх, каго закранула вайна.
Усведамленне
Нябесны Ойча, дазволь мне ўзрастаць у цноце, слухаючы Цябе і прабываючы з Табой. Няхай Твая дабрыня перапаўняе маё жыццё і пераліваецца з майго жыцця ў жыццё ўсіх тых, каго я сустракаю.
Божае слова
Мк 1:14-2014Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае 15і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле».
16Праходзячы каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. 17Езус сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей». 18Яны, пакінуўшы сеткі, адразу пайшлі за Ім. 19Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама былі ў чоўне і ладзілі сеткі. 20І адразу паклікаў іх. Яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чоўне з работнікамі, пайшлі за Ім.
Разважанне да Божага слова
Езус заўсёды ведаў, што для плённасці місіі Яму спатрэбіцца супольнасць паслядоўнікаў, якія стануць Яго адданымі паплечнікамі і будуць слухаць Яго і вучыцца, быць пры Ім, назіраць і пераймаць тое, што Ён робіць. Чацвёра, пакліканых у гэтым Евангеллі, ужо сустракаліся з Ім і чулі Яго. Андрэй, правёўшы з Ім цэлы дзень, прывёў свайго брата Пятра. Ён выказаўся коратка і дакладна: «Мы знайшлі Месію».
Яны былі простымі рыбакамі, але павінны былі стаць у свеце апосталамі. Для Бога няма нічога немагчымага. У Евангеллі паводле Яна чытаем: «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён». Папросім сёння Пана, каб нашае жыццё змяняла жыццё іншых людзей да лепшага.
Размова
Зараз я ўяўляю перад сабой адну з Асобаў Тройцы, Айца, Сына ці Святога Духа, хто прыйдзе ва ўяўленне найбольш натуральным чынам, і вяду сардэчную размову аб сённяшнім фрагменце Пісання або падзях майго жыцця, якія хвалююць мяне ў гэты момант.
Заканчэнне
Напоўнены любячай прысутнасцю Бога,
Я прашу Яго благаславіць мяне і накіроўваць мае крокі
у спаўненні Яго волі і супрацоўніцтве з Яго ласкай у сваім штодзённым жыцці.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.