аўторак 14 Студзень
Прысутнасць
Калі я прыходжу да Цябе, Пане,
Я ведаю, што знаходжуся ў прысутнасці майго Стварыцеля.
Ты стварыў мяне з любові.
Ты ведаеш нават, колькі валасоў у мяне на галаве.
Твая прысутнасць, о Пане, – найвялікшы дар.
Свабода
«У тыя дні Бог вучыў мяне,
як школьны настаўнік вучня» (св. Ігнацый).
Я нагадваю сабе, што ёсць рэчы, якім Бог яшчэ не навучыў мяне,
і прашу адарыць ласкай, каб пачуць іх і дазволіць змяніць мяне.
Усведамленне
Божа, дай мне адпачыць у Тваёй прамяністай прысутнасці, як кветка грэецца ў святле і цяпле сонца. Дзякуй, што прыносіш святло і цеплыню ў маё жыццё праз іншых людзей, праз прыроду, праз сваё Слова.
Божае слова
Мк 1:21-2821Калі прыйшлі ў Кафарнаум, Ён адразу ў шабат увайшоў у сінагогу і навучаў. 22І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. 23Быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў: 24«Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы». 25Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» 26Тады нячысты дух, скалануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго. 27І спужаліся ўсе так, што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: «Што гэта?. Новае вучэнне з моцаю; Ён загадвае нават нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго». 28І хутка разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.
Разважанне да Божага слова
Мы зноў і зноў бачым у евангельскіх аповедах аб прапаведаванні Езуса, што слухачы часта былі ўражаны тым, наколькі Ён адрозніваўся ад звычайных настаўніікаў, фарысеяў і старэйшын. Ён прамаўляў з аўтарытэтам аб чымсьці новым, і гэтае пасланне кранала іх сэрцы. Яны не маглі не адзначыць: «Ніхто не гаварыў так, як гэты чалавек».
Езус заўсёды з'яўляецца тым, каго мы слухаем, калі вучымся жыць. Памолімся, як раіць святы Ігнацый у сваіх Духоўных практыкаваннях, аб глыбокім пазнанні Пана, каб мы маглі больш любіць Яго і больш рашуча ісці за Ім.
Размова
Разважаючы над сённяшнім Евангеллем, што, на маю думку, Бог хоча, каб я пачуў ці ведаў у гэты час? Якую праўду Ён хоча прамовіць асабіста для мяне?
Заканчэнне
Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з Ім некалькі хвілін,
і цяпер іду далей з радасцю і надзеяй
служыць Яго народу.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.