аўторак 21 Студзень
Прысутнасць
Кожны момант напоўнены хвалебнай прысутнасцю Бога. Калі я ўсё больш і больш аддаюся цеснай еднасці з Тым, хто стварыў мяне, адкрываю, што ў мяне проста няма часу турбавацца.
Свабода
Пане, занадта часта я думаю, што самастойна кантралюю сваё жыццё.
Дапамажы мне ўсвядоміць бяссілле перад многімі рэчамі.
Дай ласку і здольнасць аддаць Табе сваё жыццё
і адчуць радасць гэтай свабоды.
Усведамленне
Як я сябе адчуваю? У добрым настроі? Або прыгнечаным?
Магчыма, мне цяпер добра быць тут.
Аднак, можа быць і так, што ўваходжу ў гэты час малітвы расчараваным, заклапочаным або нават раззлаваным.
Прызнаю перад Панам, што са мной дзеецца на самой справе. Вось такога, сапраўднага, мяне любіць Пан.
Божае слова
Мк 2:23-2823Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы. 24Тады сказалі Яму фарысеі: «Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?» 25Ён адказаў ім: «Вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў з ім? 26Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?» 27І сказаў ім: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату. 28Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату».
Разважанне да Божага слова
Езус ведае, што такое па-чалавечы быць галодным і сасмяглым, таму Ён ухваляе дзеянні Давіда. Рэлігія не павінна ператварацца ў спіс таго, што трэба і чаго нельга рабіць, а мае спрыяць узрастанню даверу да Божага Провіду.
Правілы захавання суботы паходзілі ад людзей і былі частай крыніцай спрэчак паміж Езусам і габрэйскімі рэлігійнымі лідэрамі. Езус заўсёды жадаў людзям дабра, таму захаванне суботы карысна для нас саміх. Бог не мае патрэбы ў нашым праслаўленні дзеля нейкай Сваёй выгады, гэта мы маем патрэбу ў Богу, таму штодня імкнёмся прысвяціць час малітве.
Размова
Зараз я ўяўляю перад сабой адну з Асобаў Тройцы, Айца, Сына ці Святога Духа, хто прыйдзе ва ўяўленне найбольш натуральным чынам, і вяду сардэчную размову аб сённяшнім фрагменце Пісання або падзях майго жыцця, якія хвалююць мяне ў гэты момант.
Заканчэнне
Дзякую, Пане, за дар часу, праведзенага ў Тваёй прысутнасці і за ўсе Твае натхненні.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.