серада 29 Студзень
Прысутнасць
Пане, пакуль я тут,
напоўні маё сэрца і ўсю маю істоту
цудам Тваёй прысутнасці.
Свабода
Дзякуй, Пане, што маю свабоду.
Няхай жа я здолею выкарыстаць гэты дар, каб рабіць тое, што магу,
для прыгнечаных і абцяжараных людзей.
Усведамленне
Мяне ахінае Твая любячая прысутнасць, Пане,
але я ўсведамляю сваю ўразлівасць і слабасць.
Дзякуй, што магу сутыкнуцца са сваімі недахопамі
у Тваіх міласэрных абдымках.
Божае слова
Мк 4:1-201Езус зноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў у ім на моры, а ўвесь народ быў на беразе каля мора. 2Ён шмат чаму навучаў іх у прыпавесцях і ў сваім павучанні казаў ім: 3«Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць. 4І калі сеяў, сталася так, што адно зерне ўпала пры дарозе. Прыляцелі птушкі і падзяўблі яго. 5Іншае ўпала на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прарасло, бо зямля была неглыбокая. 6А калі ўзышло сонца, яно завяла, бо не мела карэння, і засохла. 7Іншае ўпала ў церні, і выраслі церні, і заглушылі яго так, што яно не прынесла плёну. 8Іншае ўпала на добрую глебу і прынесла плён, які ўзышоў і вырас. І адно ўрадзіла ў трыццаць, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў сто разоў». 9І сказаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
10А калі застаўся адзін, тыя, хто быў вакол Яго разам з Дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесці. 11І Ён сказаў ім: «Вам дадзена таямніца Божага Валадарства, а для тых, хто звонку, усё адбываецца ў прыпавесцях, 12каб яны глядзелі і не бачылі,
слухалі і не разумелі, каб не навярнуліся і каб не было адпушчана ім».
13І сказаў ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа зразумееце ўсе іншыя прыпавесці? 14Сейбіт сее слова. 15Пасеянае пры дарозе — гэта тыя, у якіх сеецца слова, але як толькі пачуюць яго, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх. 16Пасеянае на камяністых месцах — гэта тыя, хто, як толькі пачуе слова, адразу з радасцю прымае яго, 17але не мае ў сабе кораня і нясталы. Потым, калі за слова настане ўціск ці пераслед, адразу спакушаюцца. 18Іншае, пасеянае ў цернях, — гэта тыя, хто чуе слова, 19але турботы свету, зман багацця ды іншыя жаданні ўваходзяць у іх і заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. 20А пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, хто слухае слова, прымае яго і прыносіць плён: адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзясят, а іншы ў сто разоў».
Разважанне да Божага слова
Калі мы слухаем словы сённяшняга Евангелля, карысна паразважаць над уласным жыццём і ўспомніць, што зерне Божага слова не заўсёды знаходзіла ў нас спрыяльныя ўмовы для росту. Давайце прызнаем, што ў рознай ступені мы былі камяністай і сухой зямлёй, парослай цернем, але таксама і добрай глебай. Просім аб ласцы быць адкрытымі на дзеянне Бога ў нашым жыцці.
Падчас хросту мы атрымалі дар ДухаСвятога, які адкрывае нас на прыняцце зерня Божага слова. Нашая далейшая хрысціянская фармацыя прывяла да ціхага выспявання зерня хрысціянскага жыцця. Але многія рэчы могуць блакаваць рост гэтага жыцця ўнутры нас. Варта паразважаць у малітве аб тым, дзе каштоўныя зярняткі маглі завянуць або засохнуць праз нашае занядбанне, а дзе яны прараслі і прынеслі плод.
Размова
Каб камунікаваць, нам не заўсёды трэба размаўляць.
Калі ўяўляю сябе поруч з Езусам…
і проста гляджу на Яго, а Ён на мяне…
…як я сябе адчуваю?
Заканчэнне
Напоўнены любячай прысутнасцю Бога,
Я прашу Яго благаславіць мяне і накіроўваць мае крокі
у спаўненні Яго волі і супрацоўніцтве з Яго ласкай у сваім штодзённым жыцці.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.