пятніца 31 Студзень
Прысутнасць
На што звяртаю ўвагу, тое і фармуе мяне.
Заўважу прысутнасць Бога – няспынную, блізкую, любячую,
сярод безлічы рэчаў, якія падтрымліваюць жыццё.
Затрымаюся і памалюся аб тым, каб дазволіць Богу падчас сённяшняй малітвы
дапамагчы мне расці і сталець.
Свабода
Пане Божа, дзякую Табе за дар свабоды.
Дапамажы мне сумленна выкарыстоўваць гэты дар.
Я вольны рабіць выбар.
Дапамажы мне выбіраць ісці за Табой,
жыць па-хрысціянску, клапоцячыся пра іншых.
Нагадай мне заўсёды памятаць пра тых, каму пашанцавала менш за мяне:
прыгнечаных, зняволеных, тых, хто не мае права на публічнае набажэнства.
Натхняй мяне заўсёды шукаць Тваёй святой волі ва ўсіх жыццёвых падзеях.
Усведамленне
Як я сябе адчуваю? У добрым настроі? Або прыгнечаным?
Магчыма, мне цяпер добра быць тут.
Аднак, можа быць і так, што ўваходжу ў гэты час малітвы расчараваным, заклапочаным або нават раззлаваным.
Прызнаю перад Панам, што са мной дзеецца на самой справе. Вось такога, сапраўднага, мяне любіць Пан.
Божае слова
Мк 4:26-3426І сказаў: «Так і Валадарства Божае нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. 27Ён спіць і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, не ведае. 28Бо зямля сама па сабе прыносіць плён: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. 29Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво».
30І сказаў: «З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? 31 Яно як гарчычнае зерне: калі яго сеюць у зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. 32Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, пускае вялікае галлё, так што ў ценю ягоным могуць гняздзіцца нябесныя птушкі».
33У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. 34І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.
Разважанне да Божага слова
Земляроб высейвае дробнае насенне ў зямлю і пакідае ціха расці ў сваім тэмпе. У Евангеллі паводле Яна (5 раздзел) Езус сказаў, што і Ён, і Яго Айцец дзейнічаюць у нас. Часта толькі азіраючыся на сваё жыццё, мы бачым плён Божай маўклівай працы над намі. Мы дзякуем Яму і ўсё больш і больш давяраем сябе Яго чулай апецы.
У прыпавесцях пра Валадарства часта ўзнікаюць вобразы натуральнага ўзрастання. Памер, здаецца, не мае для Езуса значэння. Ён часта выкарыстоўвае дробныя рэчы і маленькіх людзей для здзяйснення вялікіх спраў. Нашая вера, хоць і мізэрная, можа вырасці, калі мы будзем часта выкарыстоўваць яе ў малітве.
Размова
Каб камунікаваць, нам не заўсёды трэба размаўляць.
Калі ўяўляю сябе поруч з Езусам…
і проста гляджу на Яго, а Ён на мяне…
…як я сябе адчуваю?
Заканчэнне
Дзякую, Пане, за дар часу, праведзенага ў Тваёй прысутнасці і за ўсе Твае натхненні.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.