субота 1 Люты •Saint Brigid, Abbess, Second Patron Saint of Ireland
Прысутнасць
“Супакойцеся і ведайце, што Я – Бог”. (Пс 46:10)
Пане, няхай Твой Дух вядзе мяне,
шукаць Тваёй Любячай прысутнасці
больш і больш. Таму што ў ёй
я знаходжу адпачынак і аднаўляю сілы
ў гэтым напружаным свеце.
Свабода
З Божай ласкі я нарадзіўся/нарадзілася, каб жыць у свабодзе,
атрымліваць асалоду ад дабротаў, якія Ён стварыў для мяне.
О Пане, дай мне жыць паводле Тваёй задумы,
напоўніцу давяраючы Тваёй любові.
Усведамленне
Калі я тут з Табой, Пане,
я ўсведамляю, колькі благаслаўленняў Ты мне даеш.
Думаю пра любоў і ласкі ў маім жыцці,
і адчуваю ўдзячнасць.
Божае слова
Лк 6:32-3832Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. 33Калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. 34Калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж. 35Але вы любіце ворагаў вашых, рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, а ўзнагарода вашая будзе вялікая, і будзеце вы сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. 36Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны.
37Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. 38Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана».
Разважанне да Божага слова
Які патрабавальны Езус у першай частцы гэтага ўрыўка! Маё сэрца мае павялічвацца, пакуль не стане такім шырокім, як сэрца самога Езуса. Калі я хрысціянін, то не павінен нікога лічыць ворагам. Але, гледзячы на Бога, павінен мець у сэрцы месца для ўсіх. Шчыра малюся аб гэтай ласцы, якая выходзіць далёка за межы маіх чалавечых магчымасцяў.
Але які міласэрны Езус у другой частцы Евангелля! Паколькі Бог ніколі не залічвае мне грахі, каб асудзіць мяне, я не павінен залічваць правіны іншых. Мне не трэба турбавацца аб сваіх грахах і памылках, калі я дарую тым, хто мяне крыўдзіць.
Размова
Добры Езу, я магу адкрыць Табе сэрца.
Магу сказаць Табе ўсё, што мяне турбуе.
Я ведаю, што Цябе хвалююць усе мае клопаты.
Навучы мяне жыць, не забываючыся,
што Ты ахінаеш мяне апекай сёння
і будзеш клапаціцца заўтра і ва ўсе дні жыцця майго.
Заканчэнне
Напоўнены любячай прысутнасцю Бога,
Я прашу Яго благаславіць мяне і накіроўваць мае крокі
у спаўненні Яго волі і супрацоўніцтве з Яго ласкай у сваім штодзённым жыцці.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.