нядзеля 2 Люты •The Presentation of the Lord
Прысутнасць
Перад тым, як пачаць малітву, паслухаю біццё сэрца,
рытм дыхання, плынь думак –
прыкметы няспыннага стваральнага дзеяння Бога ўва мне.
Затрымаюся на момант і адчую
гэтую Божую прысутнасць.
Свабода
Стараюся адмовіцца ад любых забабонаў і абмежаванасці мыслення,
якія могуць затуманіць мой зрок у гэты момант.
Аддаю ўсё міласэрнаму клопату Бога, каб маліцца ў свабодзе, праўдзе і яснасці.
Усведамленне
Як вядома, на ўсё ёсць свой час і месца.
Пане, дай мне заўсёды жадаць
вяртацца ў Тваю прысутнасць,
слухаць Тваё слова.
Божае слова
Лк 2:22-4022А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану, 23— як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; — 24і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят.
25Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і пабожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. 26Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. 27І прыйшоў ён, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону, 28ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:
29«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі; 30бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, 31якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў, 32святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народу Твайго Ізраэля».
33А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго. 34І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. 35А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».
36Была таксама там Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з роду Асэра. Яна была ў вельмі старым узросце і пражыла з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў; 37удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы. 38Яна таксама прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема.
39Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. 40Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.
Разважанне да Божага слова
Сімяон, асветлены Духам Святым, распазнае ў Езусе Месію, прадказвае супраціўленне Яму. Ніводнае чалавечае жыццё не абыходзіцца без цяжкасцяў. Каб быць сапраўднымі вучнямі Езуса, мы штодня бяром на сябе свой крыж.
Меч смутку Марыі паставіць Яе ля падножжа крыжа, дзе Яна будзе прысутнічаць пры агоніі Сына. Яе «так» Богу падчас Звеставання ўключала ў сябе ўсё, што адбудзецца потым. Памолімся аб тым, каб згадзіцца на ўсе падзеі ўласнага жыцця і ўбачыць і прыняць іх з Божых рук.
Размова
Пане, дапамагай мне кожны дзень
шукаць Тваёй прысутнасці ўсё больш і больш.
Напоўні сэрца любоўю да Цябе.
Заканчэнне
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
як было спрадвеку,
цяпер і заўсёды,
і навекі вечныя. Амэн.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.