чацвер 20 Люты
Прысутнасць
Калі я прыходжу да Цябе, Пане,
Я ведаю, што знаходжуся ў прысутнасці майго Стварыцеля.
Ты стварыў мяне з любові.
Ты ведаеш нават, колькі валасоў у мяне на галаве.
Твая прысутнасць, о Пане, – найвялікшы дар.
Свабода
Бог не чужы маёй свабодзе.
Наадварот, Дух удыхае жыццё ў самыя ўтоеныя жаданні,
далікатна падштурхоўвае мяне да ўсялякага дабра.
Прашу аб ласцы, каб дазволіць Духу агарнуць мяне.
Усведамленне
Пане, дай мне заўсёды жадаць
быць з Табой.
Няхай я не забываюся на Тваю дабрыню.
Накіруй мяне і пакажы, як дзяліцца Тваімі благаслаўленнямі з іншымі.
Божае слова
Мк 8:27-3327Пасля Езус са сваімі вучнямі пайшоў у паселішчы Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: «Кім лічаць Мяне людзі?» 28Яны адказвалі Яму: «Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў». 29А Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Пётр сказаў Яму: «Ты — Хрыстус». 30Тады Ён забараніў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
31Ён пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, быць забітым і на трэці дзень уваскрэснуць. 32Казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. 33Але Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, кажучы: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае».
Разважанне да Божага слова
- Пытанне, якое Езус задае сваім вучням: «А вы кім лічыце Мяне?» – адно з трох ключавых пытанняў, якія Езус задае ўсім сваім вучням. Інакш кажучы: «Што Я для вас значу?». Другое пытанне: "Чаго шукаеце?" – калі два вучні ідуць за ім ля ракі Ярдан (Ян 1:35). Трэцяе, калі Езус пытаецца ў Пятра на беразе возера пасля ўваскрасення: «Ці любіш ты Мяне?» Сёння возьмем адно з іх або ўсе тры, каб паразважаць у малітве.
- Як і Пётр, мы пастаянна глядзім на рэчы са сваёй перспектывы. Папросім Бога аб ласцы большай веры ў Ягоную любоў да нас, паколькі Ён бачыць нашыя жыцці са сваёй нашмат вышэйшай перспектывы.
Размова
Твае ўласныя словы, Пане, навучылі мяне маліцца.
цудоўная малітва “Ойча наш”
змяшчае ўсё, што я хацеў бы сказаць.
Заканчэнне
Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з Ім некалькі хвілін,
і цяпер іду далей з радасцю і надзеяй
служыць Яго народу.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.