нядзеля 16 Сакавік •Second Sunday of Lent
Прысутнасць
Божа, Ты бліжэй, чым я магу паверыць, бліжэй, чым маё дыханне. Твая блізкасць – благаслаўленне, і мне не трэба баяцца.
Свабода
«Тоўстае і бясформеннае бервяно
ніколі не паверыла б, што можа стаць статуяй,
якой будуць захапляцца як цудам скульптуры,
і ніколі не скарылася б разцу скульптара,
які дзякуючы свайму генію бачыць, што з яго можна зрабіць» (Святы Ігнацый).
Прашу аб ласцы, каб дазволіць любячаму Стварыцелю фармаваць мяне.
Усведамленне
Ведаючы, што Бог любіць мяне безумоўна,
Шчыра праглядаю мінулы дзень, падзеі, пачуцці.
За што я маю быць удзячным? Дзякую Пану.
За якія думкі, словы і ўчынкі я адчуваю жаль? Прашу прабачэння за гэта.
Божае слова
Лк 9:28-3628Пасля гэтых словаў дзён праз восем, узяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, Ён узышоў на гару памаліцца.
29Калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым. 30І вось, два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. 31Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме.
32Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім.
33А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: «Настаўнік, добра нам тут быць. Таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі». Не ведаў ён, што кажа.
34Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака. 35А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце». 36Калі гучаў гэты голас, Езус застаўся адзін. А яны маўчалі і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.
Разважанне да Божага слова
Святы Лука апавядае нам пра малітву Езуса больш, чым іншыя евангелісты. Тром апосталам дадзена ўбачыць перамяненне Езуса і ўмацавацца перад абліччам Яго будучых пакут і смерці. Пазней святы Пётр узгадае ў пасланні гэты досвед на гары. Боскасць Езуса была схавана ў Яго чалавечнасці. Молімся аб больш глыбокім разуменні Уцелаўлення.
Падчас нашай малітвы мы заўсёды сустракаем уваскрослага Пана і сапраўды можам сказаць: «Пане, добра нам тут быць». Няхай Айцец скажа нам: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце». І будзем маліцца, як Самуэль: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой».
Размова
“Няма цяпер ніякага асуджэння тым, хто ў Хрысце Езусе” (Рым 8:1). Я звяртаюся да Таго, Хто любіць мяне і ведае мяне лепш, чым я магу любіць ці ведаць сябе. Прашу Яго аб тым, што мне цяпер патрэбна.
Заканчэнне
Дзякую, Пане, за дар часу, праведзенага ў Тваёй прысутнасці і за ўсе Твае натхненні.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.