чацвер 27 Сакавік
Прысутнасць
Чым часцей мы клічам Бога, тым лепш адчуваем Яго прысутнасць. Дзень за днём мы набліжаемся да Божага Сэрца, напоўненага Любоўю.
Свабода
Пане, Ты стварыў мяне жыць у свабодзе.
У асноўным я ўспрымаю гэты дар як належнае.
Натхні мяне жыць у свабодзе, якую Ты задумаў для мяне,
са спакойным сэрцам і поўным даверам да Цябе.
Усведамленне
Пане, адкрый маё сэрца на тое, каб пачуць і прыняць Тваё Слова. Няхай гэта прынясе вялікі плён у маім жыцці і ў жыцці іншых людзей.
Божае слова
Лк 11:14-2314Аднойчы Ён выгнаў злога духа нематы. І калі злы дух выйшаў, нямы чалавек загаварыў, і людзі здзівіліся. 15А некаторыя з іх казалі: «Бэльзэбулам, князем злых духаў, Ён выганяе злых духаў». 16Іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад Яго знаку з неба. 17Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Усялякае валадарства, якое падзялілася само ў сабе, спусташаецца, і дом на дом падае. 18Калі сатана ў сабе падзяліўся, як выстаіць валадарства яго? Вы кажаце, што Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў. 19Калі Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў, то сыны вашыя сілаю каго выганяюць іх? Таму яны будуць вашымі суддзямі. 20Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства. 21Калі ўзброены асілак пільнуе свой дзядзінец, у бяспецы маёнтак ягоны. 22А калі нападзе мацнейшы за яго і пераможа яго, то возьме ўсю зброю яго, на якую той спадзяваўся, і раздасць здабычу сваю. 23Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.
Разважанне да Божага слова
Простай логікі аргументацыі Хрыста павінна было быць дастаткова, каб прымусіць апанентаў задумацца над сваёй пазіцыяй. Аднак з уласных эгаістычных меркаванняў яны не жадалі быць з Ім. Памолімся, каб глыбей спасцігнуць уласную маласць і неразуменне.
Езус выганяў шмат злых духаў. Можна прасіць Пана: «Вядзі нас у час спакусы і збаў нас ад злога». Вобраз Бога, які вядзе нас за руку, можа быць вельмі карысным у нашай малітве. Ён згадваецца ў псальмах 63 (62) і 72 (71), а таксама ў Марка 8:23, калі Езус выводзіць сляпога за руку з вёскі ў Бэтсаідзе.
Размова
Ці заўважаю, як рэагую на малітву Словам Божым?
Ці адчуваю занепакоенасць, суцяшэнне, гнеў?
Уяўляючы Езуса, які сядзіць ці стаіць побач са мной,
выказваю свае пачуцці, як добраму сябру.
Заканчэнне
Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з Ім некалькі хвілін,
і цяпер іду далей з радасцю і надзеяй
служыць Яго народу.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.