субота 29 Сакавік
Прысутнасць
“Бог — наша прыстанішча і сіла, надзейная дапамога ў нядолі” (Пс 46, 2). Пане, словы псальма вядуць нас да спакою і велічы Тваёй прысутнасці.
Свабода
“Вельмі мала людзей
разумеюць, што з імі зрабіў бы Бог
калі б яны аддаліся ў яго рукі,
і дазволілі Ягонай ласцы фармаваць сябе” (Святы Ігнацый).
Прашу аб ласцы поўнага даверу Божай любові.
Усведамленне
Душа мая прагне Тваёй прысутнасці, Пане. Калі я ўзношу свае думкі да Цябе, знаходжу спакой і наталенне.
Божае слова
Лк 18:9-149Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: 10«Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. 11Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. 12Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”. 13А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”. 14Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».
Разважанне да Божага слова
Тут Езус дае вельмі важны ўрок аб малітве. Каб малітвы былі пачутыя, мы павінны заўсёды маліцца з пакорай перад Богам. Пакора – гэта праўда, праўда нашай уласнай маласці і поўнай залежнасці ад Бога. З такой паставай сэрца мы цяпер прыходзім да Бога, каб маліцца ад усяго сэрца.
У сваёй малітве фарысей засяродзіўся на сабе і ўсім, што робіць. Мытнік засяродзіўся на Богу і Яго вялікай міласэрнасці. Святая Тэрэза Авільская вучыла, што сапраўдная малітва – гэта больш любоў, чым разважанне. Ёсць шмат праўды ў сцвярджэнні, што калі мы разважаем у малітве, мы прабываем з самімі сабой, а калі мы любім у малітве, мы прабываем з Богам. Малітва – гэта адносіны. Ці хаджу я на малітву толькі для таго, каб папрасіць аб чымсьці для сябе і іншых, ці большую частку часу адводжу на тое, каб застацца з Панам, дзяліцца з Ім і слухаць Яго?
Размова
“Няма цяпер ніякага асуджэння тым, хто ў Хрысце Езусе” (Рым 8:1). Я звяртаюся да Таго, Хто любіць мяне і ведае мяне лепш, чым я магу любіць ці ведаць сябе. Прашу Яго аб тым, што мне цяпер патрэбна.
Заканчэнне
Напоўнены любячай прысутнасцю Бога,
Я прашу Яго благаславіць мяне і накіроўваць мае крокі
у спаўненні Яго волі і супрацоўніцтве з Яго ласкай у сваім штодзённым жыцці.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.