субота 10 Май •St John of Avila, Priest, Doctor
Прысутнасць
Чым больш мы звяртаемся да Бога, тым больш адчуваем Божую прысутнасць. Дзень па дню мы набліжаемся да любячага сэрца Бога.
Свабода
Любыя рэчы, падзеі, з’явы могуць спрычыніцца да ўзрастання ўва мне любові і жыцця,
аднак мае жаданні часта засяроджваюцца на ілюзіях самарэалізацыі.
Я прашу, каб Ты, Божа, праз маю свабоду ўладкаваў мае жаданні так,
каб выявілася хараство мелодыі, багатай на любоў і гармонію, у згодзе з воляй Тваёй.
Усведамленне
Пане, падрыхтуй глебу майго сэрца, каб прыняць зерне Твайго Слова. Няхай яно пусціць карані, расце і дасць багаты ўраджай дзеля Тваёй хвалы і майго дабра.
Божае слова
Ян 6:60-6960Пачуўшы гэта, многія з вучняў Ягоных сказалі: «Цяжкая гэтая мова! Хто можа яе слухаць?» 61Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя абураюцца, сказаў ім: «Ці гэта вас спакушае? 62А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? 63Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць Духам і жыццём. 64Аднак ёсць сярод вас тыя, хто не верыць». Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць. 65І сказаў: «Для таго гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом».
66З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. 67Тады Езус сказаў Дванаццаці: «Ці і вы таксама хочаце адысці?» 68Адказаў Яму Сымон Пётр: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця. 69А мы паверылі і пазналі, што Ты ёсць Святы Бога». ,
Разважанне да Божага слова
Вучні Езуса бачылі, як Ён чыніў шмат цудаў, нават уваскрашаў мёртвых, але ім было па-ранейшаму цяжка цалкам давяраць Ягоным словам. Сцвярджэнне пра боскую прыроду сапраўды дзіўнае, але менавіта гэта і меў на ўвазе Езус. Пазнейшыя спрэчкі Касцёла аб боскай прыродзе Езуса паказваюць, наколькі гэта было цяжка. Вера - гэта дар, дадзены нам Богам.
Нягледзячы на супраціўленне з боку габрэяў і нават сваіх вучняў, Езус ніколі не адмаўляўся ад сваіх слоў пра тое, што мы павінны спажываць Яго Цела, каб мець жыццё. Няхай жа Пан адновіць нашую веру ў Яго боскасць і ў Яго навучанне.
Размова
Як Божае Слова ўзрушыла мяне?
Ці пакінула адчуванне сухасці?
Суцешыла мяне ці падштурхнула дзейнічаць па-новаму?
Я ўяўляю Езуса, які стаіць ці сядзіць побач са мной
Я дзялюся з Ім сваімі пачуццямі.
Заканчэнне
Напоўнены любячай прысутнасцю Бога,
Я прашу Яго благаславіць мяне і накіроўваць мае крокі
у спаўненні Яго волі і супрацоўніцтве з Яго ласкай у сваім штодзённым жыцці.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.