субота 21 Чэрвень
Прысутнасць
“Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці”. (Мц 6:6) Божа, Ты — мой унутраны пакой, Ты заўсёды ўва мне, а я ў Табе. Няхай штодня я прысвячаю час, каб увайсці ў пакой майго сэрца і быць з Табой.
Свабода
Пане, занадта часта я думаю, што самастойна кантралюю сваё жыццё.
Дапамажы мне ўсвядоміць бяссілле перад многімі рэчамі.
Дай ласку і здольнасць аддаць Табе сваё жыццё
і адчуць радасць гэтай свабоды.
Усведамленне
Усведамляць штосьці – значыць памятаць, прымаць пад увагу. Божа, дапамажы мне памятаць, што Ты даў мне жыццё. Дзякую Табе за дар жыцця. Навучы мяне запавольвацца, шукаць цішыню і атрымліваць асалоду ад створаных для мяне дабротаў, заўважаць прыгажосць вакол сябе: цуд гор, спакой азёр, крохкасць пялёсткаў. Мне трэба памятаць, што ўсё гэта паходзіць ад Цябе.
Божае слова
Мц 6:24-3424Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.,
25 Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела – за вопратку? 26Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх? 27І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць? 28 І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. 29Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. 30Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя? 31Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?”, або: “У што апрануцца?” 32Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Нябесны Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. 33Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам.
34Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.
Разважанне да Божага слова
Варта часта маліцца гэтым урыўкам з Евангелля паводле Мацвея. Па сутнасці, "ці ты клапоцішся, памрэш, ці не клапоцішся, памрэш. Дык навошта клапаціцца?" Птушкі нябесныя і палявыя лілеі не маюць ніякага ўяўлення, што такое турботы і хваляванні. І паглядзі на іх. Яны ў парадку. Энтані дэ Мела аднойчы сказаў: „Калі ты дажыў да гэтага дня, то атрымаў усю любоў, неабходную для шчасця“. Нам трэба часцей маліцца аб большым даверы да Божага Провіду.
Размова
Пане, дапамажы мне дастаткова сцішыцца, каб пачуць Твой вельмі ціхі голас. Дапамажы мне давяраць таму, што я чую. Тваё Слова прыносіць палёгку, суцяшэнне і падбадзёрванне. Усё іншае я аддаляю ад сябе.
Заканчэнне
Напоўнены любячай прысутнасцю Бога,
Я прашу Яго благаславіць мяне і накіроўваць мае крокі
у спаўненні Яго волі і супрацоўніцтве з Яго ласкай у сваім штодзённым жыцці.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.