нядзеля 13 Ліпень •Fifteenth Sunday in Ordinary Time
Прысутнасць
“Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці”. (Мц 6:6) Божа, Ты — мой унутраны пакой, Ты заўсёды ўва мне, а я ў Табе. Няхай штодня я прысвячаю час, каб увайсці ў пакой майго сэрца і быць з Табой.
Свабода
Усё мае патэнцыял здабыць з мяне большую паўнату любові і жыцця.
Аднак мае жаданні часта чапляюцца за ілюзіі спаўнення.
Прашу Цябе, Божа, праз маю свабоду дырыжыруй маімі жаданнямі так,
каб гучала жывая гарманічная мелодыя любові як спаўненне Тваёй волі ўва мне і праз мяне.
Усведамленне
Прыгадваю, што знаходжуся ў прысутнасці Пана.
Знаходжу прытулак у Яго любячым сэрцы.
Ён – мая моц у хвіліны слабасці.
Ён – мой Суцяшальнік у смутку.
Божае слова
Лк 10:25-3725Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» 26Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» 27Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе». 28Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць».
29Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?» 30На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. 31Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. 32Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. 33А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. 34Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. 35А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”. 36Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» 37Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі так».
Разважанне да Божага слова
Пан скараціў усе запаведзі да дзвюх, а менавіта любіць Бога ўсім сэрцам сваім і бліжняга свайго, як самога сябе. Гэтыя дзве запаведзі, па сутнасці, дзве часткі адной вялікай запаведзі любові, якая з'яўляецца галоўнай мэтай нашага існавання на зямлі. Калі наш Пан сустрэне нас на судзе пасля смерці, я лічу, што адзінае пытанне, якое Ён нам задасць, будзе: «Як вы любілі?» І калі мы дасягнулі поўнага развіцця нашай асабістай здольнасці любіць, то мы гатовыя злучыцца з Богам у любові і такім чынам можам увайсці ў Неба. Мы любім усіх адным сэрцам, якое напоўнена любоўю.
Размова
Як Божае Слова ўзрушыла мяне?
Ці пакінула адчуванне сухасці?
Суцешыла мяне ці падштурхнула дзейнічаць па-новаму?
Я ўяўляю Езуса, які стаіць ці сядзіць побач са мной
Я дзялюся з Ім сваімі пачуццямі.
Заканчэнне
Напоўнены любячай прысутнасцю Бога,
Я прашу Яго благаславіць мяне і накіроўваць мае крокі
у спаўненні Яго волі і супрацоўніцтве з Яго ласкай у сваім штодзённым жыцці.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.