серада 20 Жнівень
Прысутнасць
Пане, пакуль я тут,
напоўні маё сэрца і ўсю маю істоту
цудам Тваёй прысутнасці.
Свабода
Мне трэба суцішыцца, падняцца над шумам,
які перашкаджае, раздзяляе,
ізалюе.
Мне вельмі неабходна зноў слухаць Бога ў цішыні і спакоі.
Усведамленне
Дзе ў сваім жыцці я адчуваю надзею, заахвочванне і бачу перспектывы росту? Прыгадваючы мінулыя некалькі месяцаў, ці не адчуваю я, якая дзейнасць і якія падзеі прыносілі багаты плён? Калі так, то прымаю рашэнне прысвячаць ім больш часу у будучыні.
Божае слова
Мц 20:1-161Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у свой вінаграднік. 2Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік. 3Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, 4cказаў ім: “Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, а я справядліва заплачу вам”. 5Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае. 6Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: “Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?” 7Яны сказалі яму: “Нас ніхто не наняў”. Ён сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік”. 8Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: “Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых”. 9I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. 10Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары. 11Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, 12кажучы: “Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку!” 13У адказ ён сказаў аднаму з іх: “Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? 14Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. 15Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?” 16Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі».,
Разважанне да Божага слова
Бог бясконца шчодры. Усё, што мы маем, з'яўляецца Ягоным дарам, у тым ліку само жыццё. Варта толькі зірнуць на незвычайную разнастайнасць рэчаў у гэтым цудоўным свеце і на плады зямлі на паліцах нашых супермаркетаў. Богу належыць усё, што існуе. У прыпавесці Ён кажа: «Я ж хачу даць». Для таго, хто любіць, даваць любімаму штосьці - гэта крыніца радасці. Будзем шчодрымі, як шчодры Айцец наш Нябесны.
Магчыма, будзе жаданне памаліцца малітвай аб велікадушным служэнні Богу, якая прыпісваецца святому Ігнацыю: «Пане, навучы мяне велікадушнасці. Навучы мяне служыць Табе так, як Ты заслугоўваеш;
даваць, не лічачы коштаў; змагацца, не зважаючы на раны, аддаваць усе сілы, не шукаючы адпачынку, працаваць, не чакаючы ўзнагароды, акрамя ўсведамлення, што я выконваю Тваю волю».
Размова
Няхай Твой Святы Дух вядзе мяне
ва ўсіх кантактах з людзьмі.
Няхай дасць мне здольнасць з любоўю размаўляць з усімі.
Заканчэнне
Напоўнены любячай прысутнасцю Бога,
Я прашу Яго благаславіць мяне і накіроўваць мае крокі
у спаўненні Яго волі і супрацоўніцтве з Яго ласкай у сваім штодзённым жыцці.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.