субота 23 Жнівень
Прысутнасць
Я чую, як Пан ціха вымаўляе маё імя, запрашаючы ў малітву. Адпускаю ўсё, што перашкаджае засяродзіцца, і занурваюся ў благаславёную блізкасць Бога.
Свабода
Пане, навучы мяне шанаваць дар свабоды.
Ты даў мне вялікае благаслаўленне свабоды духу.
Напоўні мой дух Тваім супакоем і Тваёй радасцю.
Усведамленне
Прыгадваю, што знаходжуся ў прысутнасці Пана.
Знаходжу прытулак у Яго любячым сэрцы.
Ён – мая моц у хвіліны слабасці.
Ён – мой Суцяшальнік у смутку.
Божае слова
Мц 23:1-121Тады Езус прамовіў да натоўпу і сваіх вучняў: 2«Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. 3Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. 4Яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. 5Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. 6Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, 7і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх “pаббі”. 8Вы ж не дазваляйце называць сябе раббі, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. 9І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. 10Не дазваляйце таксама называць сябе правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстус. 11Большы з вас няхай будзе для вас слугою. 12Бо той, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
Разважанне да Божага слова
Езус звяртае ўвагу на крывадушнасць тагачасных рэлігійных лідараў, якія хочуць выглядаць вялікімі ў вачах людзей. Важна, якімі мы з'яўляемся ў вачах Бога. Абрагама Лінкальна аднойчы спыталі ў сувязі з Грамадзянскай вайной: «Бог на нашым баку?» Ён адказаў: «Важна, што мы на баку Бога, паколькі Бог заўсёды мае рацыю».
У нас толькі адзін настаўнік — Хрыстус. «Гэта Сын Мой Умілаваны, Яго слухайце». Ці мы штодня знаходзім ціхую хвіліну, каб у малітве слухаць Езуса?
Размова
Словы не заўсёды даюцца мне лёгка, Пане.
Зазірні ў маё сэрца
і ўбач маё жаданне супакою.
Сцеражы мяне, Пане.
Я ведаю, што Ты заўсёды блізка.
Заканчэнне
Напоўнены любячай прысутнасцю Бога,
Я прашу Яго благаславіць мяне і накіроўваць мае крокі
у спаўненні Яго волі і супрацоўніцтве з Яго ласкай у сваім штодзённым жыцці.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.